Экзамены і пандэмія: гутарка з дырэктарам беларускага ліцэя ў Бельску
Матуральныя, або выпускныя экзамены, хутка пройдуць у польскіх школах. У Агульнаадукацыйным ліцэі з вывучэннем беларускай мовы імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляшскім яны працягнуцца крыху даўжэй, з 4 па 20 траўня, з увагі на тое, што ў ліцэі вывучаецца беларуская мова. З прычыны каронавірусу вусныя матуры адмененыя, а экзамен па роднай мове традыцыйна дзеці здаюць апошнім.
Кажа Госць Рацыі, дырэктар ліцэя Андрэй Сцепанюк:
– Мы, зразумела, пачынаем таксама, як і ва ўсёй Польшчы – экзаменам па польскай мове. Завяршаць будзем, і так ужо адбываецца некалькі год, экзаменам па беларускай мове. У 9 гадзін пачынаецца экзамен на пачатковым узроўні, у 14 гадзін – на пашыраным узроўні. Праўда, у нас на пашыраным узроўні ніхто экзамен не будзе пісаць, бо тыя, хто хацеў яго здаваць сталі алімпійцамі, лаўрэатамі алімпіяды па беларускай мове. Таму яны і так ужо 100 працэнтаў балаў атрымаюць.
Як заўважае дырэктар Андрэй Сцепанюк, ён асабіста вельмі шкадуе, што мала бачыў вучняў у школе з-за пандэмічных абмежаванняў. Таксама сёлетнія выпускнікі былі пазбаўленыя важнага для маладых людзей мерапрыемства – выпускнога балю, або “стаднёўкі”:
– І яны гэта вельмі перажываюць. Яны неяк думалі, каб зрабіць баль на завяршэнне, але гэта не да канца ім складаецца, невядома, ці будзе такая магчымасць. Таму яны крыху такое “страчанае пакаленне” з прычыны таго, што адбылося.
Андрэй Сцепанюк дадае, што навучанне ў фармаце анлайн стаміла і вучняў, і настаўнікаў. Дырэктар ліцэя спадзяецца, што ў наступным навучальным годзе ўдасца вярнуцца да традыцыйных школьных заняткаў.
Цалкам гутарку з госцем Рацыі слухайце ў далучаным файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя