Эпідэміялагічная катастрофа на Кіеўшчыне



У Браварскім агракомплексе “Каліта”, што пад Кіевам, зафіксавана самая маштабная эпідэмія афрыканскай чумы свіней за апошнія дзесяць гадоў. Прычыны эпідэміялагічнай катастрофы пакуль невядомыя.

Эпідэміёлагі паведамляюць, што ў свінагадоўчым комплексе “Каліта” памерла ўжо больш за 1000 жывёл. У радыусе 30 кіламетраў ад агракомплекса ўстаноўлена каранцінная зона. Усе машыны, якія прыязджаюць на прадпрыемства ці выязджаюць з яго, дэзынфекуюць. Прылеглую да агракомплексу тэрыторыю ахоўваюць больш за 100 міліцыянтаў.

Усяго ў агракомплексе гадуецца каля 50 000 свіней. Мяркуецца, што ўсе яны будуць знішчаныя, а тушы – спаленыя.

Эпідэмія афрыканскай чумы свіней ужо фіксавалася сёлета ў траўні на Кіеўшчыне. Санітарныя службы Беларусі імгненна адрэагавалі забаронай на імпарт украінскага мяса.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота  vesti-ua.net