Эстонія пабудуе 130-кіламетровую сцяну на мяжы з Расеяй
Міністр абароны Эстоніі Калле Лаанэт распарадзіўся ўсталяваць 130 км калючага дроту на мяжы з Расеяй, каб падрыхтавацца да магчымага гібрыднага нападу на краіну. Пра гэта паведамляецца 16 лістапада на афіцыйным сайце ведамства.
„Беларусь працягвае свядома нарошчваць гібрыдную атаку на польска-літоўскай граніцы, таму мы прымаем неабходныя меры для абароны дзяржаўнай граніцы Эстоніі. Акрамя ўстаноўкі калючага дроту, мы гатовы неадкладна ўнесці свой уклад у абарону граніцы разам з паліцыяй і пагранічнай аховай”, – заявіў эстонскі міністр абароны.
Рашэнне аб абароне ўсходняй мяжы, якая раздзяляе Эстонію з Расеяй, было прынята 15 лістапада на пасяджэнні камітэта ўрада Эстоніі па дзяржаўнай бяспецы ў сувязі з падзеямі на польска-беларускай мяжы.
„Зараз прамой пагрозы эстонскай мяжы няма, але, улічваючы, што адбываецца ў суседніх краінах, мы таксама павінныя быць гатовыя прадухіліць пагрозу”, – заявіла прэм’ер-міністр краіны Кая Калас.
Фота: err.ee