«Этнадызайн па-падляшску»



«Этнадызайн па-падляшску». Выстава з такой назвай адкрылася ў Ваяводскім Асяродку Анімацыі Культуры у Беластоку. Экспазіцыя ўключае як традыцыйныя для Падляшша цацкі, тканыя вырабы, зробленыя сучаснымі майстрамі, так і адмысловыя дызайнерскія ровары, значкі, майкі і шмат што яшчэ. Вырабы з льну, воўны, паперы, дрэва, гліны, скуры ды іншых матэрыялаў прадставілі 27 майстроў. Натхненнем для дызайнера Адама Здановіча ёсць драўляная архітэктура Падляшша, а беларускі традыцыйны арнамент з Бельска Падляшскага увасоблены ў працах Агнешкі Якубіч:

— За ўзор я брала гатовыя публікацыі і гатовыя каталогі, якія вялізнай даследчай працай былі выдадзены музеем у Бельску Падлшяскім. Мяне натхніла на тое, каб перанесці гэты матывы, у такіх маленькіх формах, каб гэта была рэч, якую можна мець пры сабе, якой можна пахваліцца, кажучы што гэта наша, Падляшскае.

Праца выставы працягнецца да 16 лістапада. Кожны з экспанатаў можна будзе пры жаданні набыць.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя