Этнаграфічнае Палессе – на здымках у Беластоку



Этнаграфічныя здымкі Палесся пачатку ХХ стагоддзя можна пабачыць у выходныя ў Беластоку. У Падляшскім музеі адкрываецца выстава фотаздымкаў выдатнага беларускага этнографа Ісаака Сербава. Здымкі прадстаўляюць мясцовасці, якія фатограф наведаў у час сваіх паездак на Палессе ў 1911-1912 гадах. Аўтар апісваў свае фотаздымкі, дзякуючы гэтаму можам шмат даведацца пра людзей і аб’екты, адлюстраваныя на іх. Расказвае куратарка выставы Надзея Саўчанка з Нацыянальнага музея Беларусі:

Лічу, што менавіта “жыхары гэтых гразкіх балотаў і глухіх лясоў” (так ён пісаў пасля ў сваёй працы) захавалі найбольш поўна не толькі свае нейкія побытавыя асаблівасці, але і рысы характару. У іх своеасаблівыя народныя строі, выраз твару. Яны, сапраўды, адрозніваюцца ад іншых насельнікаў Беларусі.

Выстава этнаграфічных фотаздымкаў арганізавана ў межах супрацы Падляшскага музея з Нацыянальным музеем Рэспублікі Беларусь у Менску. Адначасова ў памяшканнях беластоцкага музея адкрыецца выстава шкла вытворчасці шклозавода “Нёман” у Бярозаўцы. Адкрыццё заўтра ў 16 гадзінаў у Падляшскім музеі ў Беластоку.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток