Еўрапейскія рахункі Украіны



Магчымая адмена для Украіны візавага рэжым з краінамі Еўразвязу цяпер ці не найбольш папулярная тэма ў нашых паўднёвых суседзяў. Адмена візаў папярэдне запланаваная на сярэдзіну 2016 года, але для гэтага Кіеву трэба выканаць шмат патрабаванняў еўрапейскіх партнёраў.

Ці скарыстаюць ўкраінцы гістарычны шанец канчаткова павярнуцца тварам да Еўропы? Што даць бязвізавы рэжым з Еўразвязам Украіне ? Што, у сваю чаргу, Украіна можа запрапанаваць Еўразвязу?

Наш украінскі карэспандэнт Марцін Война пагутарыў з шэф-рэдактарам украінскай тэлерадыёкампаніі “Svoboda.fm” Алегам Галаваценкам.

2015-11-12_achromienka_eurapejskija_rachunki_ukrainy_vyjava

РР: З сярэдзіны 2016 года ўкраінцы будуць бязвізава ездзіць у краіны Еўразвязу. Што гэта дасць украінцам?

Алег Галаваценка: На маю думку, гэта найперш прыбярэ штучныя бар’еры між Украінай і Еўропай. Маю на ўвазе бар’еры культурныя, адукацыйныя і бізнесовыя. Да нядаўняга часу ў нас адсутнічалі бар’еры з так званым «русским миром», затое бар’еры былі на заходняй мяжы, што вельмі негатыўна ўплывала на ўсе сферы жыцця, але найперш – на погляды людзей.

РР: Але ёсць небяспека, што разам з законапаслухмянымі ўкраінцамі, якія паедуць у краіны ЕЗ, туды могуць патрапіць і непажаданыя ў Еўропе персанажы з ДНР ці ЛНР…

Алег Галаваценка: Мажліва, адна з найбольшых недапрацовак ўкраінскай дзяржавы за апошнія 23- 24 гады палягае ў тым, што ў нас не было міграцыі ўнутры краіны. То бок тыя ж Данецк і Луганск жылі нейкім сваім асобным жыццём, а Львоў, напрыклад – сваім. Украінцы з розных рэгіёнаў проста не ведалі і не бачылі адзін аднаго. На адным з семінараў, дзе мне давялося быць, адзін грамадзянін Польшчы сказаў літаральна наступнае: «У вас такая розная краіна, а вы самі пра яе нічога не ведаеце!..» Так, я ўсё разумею: людзі, якія прыязджаюць з Данецка ці Днепрапятроўска, пагана сябе рэкамендуюць нават у Кіеве… І ад крыміналу ніхто не застрахаваны. Але на тое і існуюць праваахоўныя органы, каб правяраць, ці не належаць тыя ці іншыя патэнцыйныя мігранты ў Еўропу да нейкай тэрарыстычнай групы. То бок жорсткая фільтрацыя, безумоўна, павінна быць.

РР: Але ж людзі з Данецка ці Луганска, якія ваявалі на баку сепаратыстаў, усё адно могуць патрапіць у Еўразвяз! Як мінімум, яны будуць ствараць вельмі паганы імідж для Украіны, а як максімум…

Алег Галаваценка: Я гэтага не выключаю. На вялікі жаль.

РР: Але ж у Еўропе цяпер вялікая плынь уцекачоў з Сірыі, Афрыкі, іншых краінаў «трэцяга свету». На гэтым фоне ў Еўразвязе можа ўзнікнуць пытанне: «а нашто нам яшчэ і ўкраінцы?» То бок людзі не з самай заможнай краіны…

Алег Галаваценка: Так, такое пытанне сапраўды можа ўзнікнуць. Але яно для мяне крыху дзіўнае. Украінцы, ўсё ж, еўрапейская цывілізацыя. А тое ж Самалі – крыху іншая цывілізацыя. Таму, мяркую, паразумецца з намі будзе куды прасцей, чым з прадстаўнікамі не надта паліткарэктных, а ў іншым разе і агрэсіўных культур.

РР: Гадоў пяць-шэсць таму, калі з Польшы паехалі першыя працоўныя мігранты на Захад, тамтэйшыя медыя палохалі публіку адмоўным вобразам «польскага сантэхніка». Ці не баіцеся, што нешта можа паўтарыцца і з украінцамі?

Алег Галаваценка: Заўжды будуць нейкія перасцярогі, нейкае суб’ектыўнае стаўленне. Вось прыклад: мой знаёмы працуе на радыё ў адной з прыбалтыйскіх краінаў. Ён расказваў, што з тае балтыйскай краіны цяпер ідзе вялікая міграцыя на захад. І што да ўраджэнцаў з краінаў Балтыі там ставяцца не надта добра, і ў самой Прыбалтыцы цяпер дэфіцыт кадраў…

РР: Вы гаварылі пра культурны абмен і абмен ідэямі. А якія еўрапейскія ідэі могуць быць карыснымі для Украіны?

Алег Галаваценка: Па-першае, гэта вялікая мабільнасць грамадзянаў унутры самога Еўразвязу. А ўкраінцы – вельмі “хатняя” нацыя. Яны сядзяць на сваім хутары, у сваім горадзе ці ў сваёй вёсцы і мяркуюць, што ўвесь свет канцэнтруецца выключна вакол іх. Калі яны трапляюць у іншы свет, дык робяць проста неверагодныя адкрыцці! Цяпер ХХІ стагоддзе, і чалавек не можа быць пажыццёва прывязаным да пэўнага горада ці да пэўнай вёскі. Цяпер важныя жыццёвы досвед, важныя веды.

РР: А што можа ўзяць цікавага і каштоўнага ў украінцаў сам Еўразвяз?

Алег Галаваценка: Тое ж самае, што Еўразвяз у пэўнай ступені ўзяў у палякаў. Для мяне палякі, найперш, носьбіты глыбокіх традыцыяў, тых каштоўнасцяў, якія, на вялікі жаль, некаторыя краіны Еўразвязу ў пэўнай ступені страцілі. Гэта і культурныя традыцыі, і царкоўныя… Паводле мяне, палякі таксама маюць тое, чаму могуць навучыць краіны Еўразвязу!

Зрэшты, запланаваная адмена візавага рэжыму з Еўразвязам можа і не адбыцца, калі кіеўскія ўлады да вясны 2016 года канчаткова не перамогуць карупцыю.

 Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

 Фота: архіў А. Галаваценкі