Еўразвяз прафінансуе „Шлях Тызенгаўза”
Трансгранічны „Шлях Тызенгаўза” паўстане за грошы Еўразвяза. Праект гміны Саколка і Гародні будзе прафінансаваны праграмай „Польшча-Беларусь-Украіна”.
Еўразвяз выдзеліць амаль два мільёны еўра. Праект „Шляхам Тызенгаўза” быў высока ацэнены, кажа бургамістр Саколкі Ева Кулікоўска:
– Наш праект атрымаў 93%. Перад намі Саколка, мы другія па ліку, з гледзішча вартасці праекта, па колькасці пунктаў. Мы на другім месцы сярод трох краін у гэтым транспамежным праекце, які называецца „Шлях Тызенгаўза”. Ён перадусім павінен з’ядноўваць людзей, бо тое, што існуе мяжа, не значыць, што мы не павінны сустракацца.
За гэтыя сродкі, сярод іншага, адрэстаўруюць камяніцу ў Саколцы, дзе будзе створана культурніцкая пляцоўка прысвечаная Тызенгаўзу. Падобны цэнтр з’явіцца таксама ў Гародні. Паводле планаў мэра, пры цэнтры павінна з’явіцца кавярня пад назвай „Саколка”.
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя