Еўразвяз выдзеліў 1 мільён еўра на адукацыйны праект для беларускіх дзяцей



У Вільні адбылася прэзентацыя адукацыйнага праекта „Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра”. Праект, які будзе рэалізоўвацца цягам 26 месяцаў, паўстаў з ініцыятывы Офіса Святланы Ціханоўскай. На яго Еўразвяз выдзеліў 1 мільён еўра.

Паводле дарадцы Святланы Ціханоўскай  па пытаннях адукацыі і навукі Таццяны Шчытцовай, адна з галоўных мэтаў праекта – цалкам змяніць  той аўтарытарны падыход у адукацыі, які быў пераняты яшчэ ад Савецкага саюза.

– Трэба, як спявае Лявон Вольскі, ламаць сістэму, падыход у адукацыі. Падыход у адукацыі павінен быць радыкальна іншым. Камунікацыя з дзеткамі і адпаведныя формы выкладання павінны быць іншымі. Таксама можна сказаць пра камунікацыю паміж настаўнікамі і кіраўніцтвам школы. Таксама павінна быць супрацоўніцтва і партнёрства, а не ціск.

Кіраўнік праекта “Васьміног: адукацыя для беларускіх дзяцей сёння і заўтра” Аляксей Канстанцінаў заўважыў, што праект арыентаваны на беларускіх дзяцей і настаўнікаў як унутры Беларусі, так і за мяжой. Ён дапаможа ім быць канкурэтназдольнымі.

– Мы будзем дапамагаць нашым дзецям з дапамогай курсаў станавіцца лепшымі вучнямі ў замежных школах, лепшымі вучнямі ўнутры Беларусі ў беларускіх школах. Як мы гэта будзем рабіць? Вялікае, складанае пытанне: з курсамі, метадычнай падтрымкай, фармаваннем грамадскасці.

Праект рэалізуецца пры падтрымцы Еўрапейскай камісіі ў партнёрстве Міжнароднага кансорцыўма “ЕўраБеларусь”, Офіса Святланы Ціханоўскай і Беларускай Рады Культуры. Асноўныя напрамкі праекта – рэформа, лічбавая платформа і грантавая праграма, якая запусціцца 23 сакавіка і будзе складацца прыблізна з 40 праектаў на суму ад 3000 да 60000 еўра.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя