Ева Камінская-Гаўрылюк: Нацыянальнасць – гэта не грамадзянства, а пачуццё далучанасці да пэўнага народу
9 дзён засталося да пачатку нацыянальнага перапісу насельніцтва і жытла ў Польшчы. Сёлетні перапіс будзе праводзіцца ва ўмовах пандэміі, таму асноўны збор інфармацыі пройдзе ў анлайн-рэжыме.
Акрамя гэтага жыхары Польшчы мусяць адказаць на пытанні, звязаныя, у тым ліку, з нацыянальнасцю, роднай мовай і веравызнаннем. Дэталі адказу на асобныя пытанні перапісу акрэсліла дырэктарка Статыстычнага ўпраўлення ў Беластоку Ева Камінская-Гаўрылюк:
– Нацыянальнасць, прыналежнасць да пэўнай нацыянальнасці або этнічнасці, вызначаецца суб’ектыўнымі адчуваннямі кожнага чалавека. Нацыянальнасць выражаецца эмацыянальна, культурна, а таксама вызначаецца з паходжання бацькоў. Гэта не грамадзянства, а пачуццё далучанасці да пэўнага народу, або да этнічнай групы.
Па словах Евы Камінскай-Гаўрылюк, уся інфармацыя, атрыманая падчас перапісу насельніцтва Польшчы, будзе выкарыстана для статыстычных мэтаў. Жыхарам Польшчы гарантавана канфідэнцыяльнасць і недапушчэнне перадачы дадзеных трэцім арганізацыям і службам.
Беларускае Радыё Рацыя