Эва Копач наведае Кіеў



У панядзелак, 19 студзеня, з першым візітам у Кіеў прыбудзе прэм’ер-міністар Польшчы Эва Копач. Яе будуць суправаджаць пяць міністраў і тры віцэ-міністры.

Як  паведамляе Інфармацыйны цэнтр польскага ўраду, „мэтай візіту будзе наданне новай дынамікі двухбаковым адносінам”. Візіт  Эвы Копач ў Кіеў пачнецца з ускладання кветак да месца памяці герояў Нябеснай Сотні.

У Кіеве яна сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і прэм’ер-міністрам Арсеніем Яцанюком, а таксама прыме ўдзел у пленарнай сесіі чальцоў урадаў абедзвюх краінаў. Падчас візіту ва Украіну польскую прэм’ер-міністар  будуць суправаджаць міністры фінансаў, культуры і нацыянальнай спадчыны, інфраструктуры і развіцця, навукі і вышэйшай адукацыі, нацыянальнай адукацыі, а таксама намеснікі міністраў замежных спраў, эканомікі і нацыянальнай абароны.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота PAP / Leszek Szymański