Сойм Польшчы зацвердзіў новы ўрад (абноўлена)



Сойм Польшчы зацвердзіў новы ўрад на чале з Эвай Копач. У падтрымку новага ўрада прагаласавала 259 парламентарыяў, супраць – 183, трое ўстрымаліся, паведамляе “Украінская праўда” са спасылкай на агенцтва Reuters. Аднак першае жа інтэрв’ю Эвы Копач выклікала крытыку як палітыкаў, так і экспертаў. У прыватнасці, адказваючы на пытанне аб падтрымцы Украіны зброяй, Копач адзначыла, што падыходзіць да яго перш за ўсё як жанчына. Таму яна б „зайшла ў дом, замкнула яго і клапацілася пра сваіх дзяцей”, – сказала яна.

Такая крытыка адкарэктавала пазіцыю Эвы Копач. Выступаючы ў Сойме напярэдадні галасавання аб даверы, яна паабяцала працягваць палітыку падтрымкі Украіны. Паводле слоў прэм’ер-міністра, такая палітыка не азначае згоды ні на захоп тэрыторыі суверэннай дзяржавы, ні сілавыя змены межаў у Еўропе. Эва Копач дадала, што для Польшчы і яе грамадзян ключавым з’яўляецца спыненне ўзброенай барацьбы ва Украіне і кансалідацыя ўкраінскага дзяржавы.

* * *

Новая прэм’ер-міністр Польшчы Эва Копач прадставіла ў Сойме праграму новага ўраду.

[youtube id=”Q8oMyPYJymg”]

Вялікую ўвагу кіраўніца Рады міністраў абяцае надаць пытанням сацыяльнай палітыкі, інфраструктуры, адукацыі ды падтрымкі сялянаў і рабочых.

[youtube id=”qdrzqnBZZnA&list=TLZcxBoKYZ_llp134egp_uGfb49Mix2yzB”]

Асабліва новая прэм’ер адзначыла важнасць захавання пазіцыі Польшчы ў Еўразвязе і фармавання так званай „энергетычнай салідарнасці”:

– Мы павінны актыўна падтрымліваць пабудову энергетычнага саюза прапанаванага маім папярэднікам, які сёння падтрымліваецца большасцю еўрапейскіх лідараў. Нельга пагаджацца з сітуацыяй у якой Польшча ды іншыя краіны рэгіёна залежаць ад прыхільнасці знешніх дастаўцаў газа, якія робяць кошт сыравіны залежным ад бягучых палітычных мэтаў. Мой урад будзе пераконваць Еўрапейскі звяз спыніць практыку манапалізму і цэнавых маніпуляцый.

Эва Копач выказалася і пра сітуацыю ва Украіне. У прыватнасці, яна адзначыла, што за ўсходняй мяжой Польшчы яшчэ ніколі за апошнія дзясяцігоддзі не было так напружана і небяспечна.

[youtube id=”68Ys10Ps7qI&list=TL7ICXPTQ5Ugx-BNq3tjT80QlXltj985PW”]

Пасля выступа Эвы Копач запланаваны перапынак для абмеркавання праграмы ўраду партыйнымі клубамі. На 14-ю прызначаны дэбаты, якія будуць доўжыцца 4 гадзіны.  Затым парламентары пагаласуюць за вотум даверу новай прэм’ер ды яе міністраў.

[youtube id=”AMa7zNbI_PU”]

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя

Відэа: Gazeta.pl, Kancelaria Premiera