ЕЗ выдаткуе Літве 10-12 млн еўра для вырашэння міграцыйнага крызісу
Еўрапейскі офіс па пытаннях прадастаўлення прытулку (EASO) у жніўні надасць Літве фінансавую падтрымку ў памеры 10-12 млн еўра.
Дапамога вылучаецца ў рамках падпісанага з EASO плана дзеянняў, паведамляе прэс-служба МУС Літвы са спасылкай на камісара ЕЗ па ўнутраных справах Ілву Ёхансан. У бліжэйшы час у Літву павінны прыехаць спецыялісты па міграцыі і перакладчыкі, каб дапамагчы спецыялістам Дэпартамента міграцыі хутчэй апрацоўваць заявы аб прадастаўленні прытулку, мець зносіны з мігрантамі і дамаўляцца аб іх вяртанні ў краіны паходжання, піша REFORM.by.
Сёння міністр унутраных спраў Агне Білатайтэ сустрэлася з выканаўчым дырэктарам Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы (Frontex) Фабрысам Легерам. У ходзе сустрэчы быў абмеркаваны далейшы план мерапрыемстваў па развязанні міграцыйнага крызісу. У Літву прыбыло ўжо 26 афіцэраў Frontex. У бліжэйшы час іх колькасць будзе павялічана да 60-ці.
«Адна з асноўных мэтаў майго візіту — убачыць рэальную сітуацыю і ацаніць, у якой дапамозе Літва мае патрэбу. Мы разумеем, што краіна пакутуе ад наступстваў нелегальнай міграцыі. Са свайго боку мы можам аказаць экспертную дапамогу па пытаннях міграцыі і вяртання мігрантаў. Мы тут, каб дапамагчы вам у гэтай складанай сітуацыі і паказаць, што мы салідарныя з вамі», — сказаў Легер.
Паток нелегальнай міграцыі ў Літву праз Беларусь сёлета ўзмацніўся: у гэтым годзе літоўскія памежнікі затрымалі ў 20 разоў болей мігрантаў, чым у мінулым. Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у спрыянні нелегальнай міграцыі, і пачала значна ўзмацняць ахову сваёй мяжы.
На мяжы з Беларуссю пачалося будаўніцтва плота з калючага дроту. Беларуска-літоўскую мяжу патрулююць не толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы: ім дапамагаюць, эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы «FRONTEX», Службы грамадскай бяспекі, «Саюза стралкоў» і іншых устаноў.
Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс заявіў, што выкарыстанне міграцыі ў якасці зброі супраць краін ЕЗ нават больш цынічнае, чым угон самалёта «Ryanair». «Рэжымы, якія выкарыстоўваюць мігрантаў у якасці зброі гібрыднага нападу, павінны атрымаць балючы агульны адказ з боку ЕЗ», — адзначыў ён і падняў пытанне ў Брусэлі ўзмацнення санкцый адносна ўлад РБ.