АБСЕ працягвае фіксаваць ваенную тэхніку каля Данецка (абноўлена)
АБСЕ працягвае фіксаваць ваенную тэхніку каля Данецка. А менавіта два канвоі з 17-ці грузавікоў з цяжкім узбраеннем. У цэлым на Данбасе назіраецца канцэнтрацыя жывой сілы і тэхнікі з абодвух бакоў. Цяпер асноўнае пытанне для аналітыкаў – якая нагода будзе выкарыстаная для завяршэння перамір’я і пачатку вайны за Данецкую і Луганскую вобласці. Пра гэта заявіў старшыня арганізацыі «Афіцэрскі корпус», генерал-палкоўнік Уладзімір Рубан у эфіры «Грамадскага тэлебачання»:
– Асноўная рыторыка змянілася і пайшла не на ўстанаўленне буфернай зоны паводле менскіх дамоўленасцей, а на ўстанаўленне адміністрацыйных межаў з боку лідараў ДНР. Адпаведна нейкія адэкватныя меры рыхтуе і ўкраінскі бок.
Сёння вядома пра тры мяжы абароны з украінскага боку: паміж першай і другой – 15-20 кіламетраў. Уладзімір Рубан кажа, што «ўсе чакаюць прарыву для забеспячэння сухапутнага шляху з Расеі ў Крым». І тут ёсць два выхады: першы – сілавы, аднак неперспектыўны для Крыма, і другі – працэс перамоваў, бо праз украінскую тэрыторыю можна забяспечваць пастаўкі ў Крым.
* * *
Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні заклікала бакі канфлікту на ўсходзе Украіны ўстрымацца ад абвастрэння сітуацыі ў зоне баявых дзеянняў. Яна заклікала Расею спыніць перасячэнні расейска-ўкраінскай мяжы вайскоўцамі і вайсковай тэхнікай. Федэрыка Магерыні адзначыла, што апошнія звесткі ад назіральнікаў АБСЕ, якія працуюць на ўсходзе Украіны, «сведчаць пра вельмі трывожнае развіццё» падзей.
Назіральнікі АБСЕ зафіксавалі другое за двое сутак перасоўванне ваеннай тэхнікі пад Данецкам. Абедзве калоны рухаліся на захад. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе Спецыяльнай назіральнай місіі АБСЕ, які быў размешчаны на афіцыйным сайце арганізацыі 10 лістапада.
Грузавікі без нумароў вязуць гаўбіцы на Захад цераз МакееўкуУкраінскія вайскоўцы не выключаюць, што расейскія баевікі пры падтрымцы рэгулярнай расейскай арміі могуць паспрабаваць правесці значныя наступальныя аперацыі, каб сілай змусіць Кіеў пайсці на палітычныя саступкі, і будуюць абарончыя ўмацаванні, паведаміла «Наша Ніва».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: AFP; Аляксандра Гелагаева