Ежы Сірак застаецца бурмістрам Гайнаўкі
Ежы Сірак застаецца бурмістрам горада Гайнаўка на чарговы тэрмін. Ён балатаваўся ад самаўрадавага пагаднення “Гайнаўская зямля” і адначасна з’яўляецца чальцом партыі Саюз дэмакратычных левых сілаў.
Бурмістр удзячны жыхарам за давер, які выказала пераважная большасць тых, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі, а таксама абяцае актыўнае развіццё горада і стварэнне новых працоўных месцаў:
– Для гэтага таксама ў выбарчай праграме самаўрадавага камітэта выбаршчыкаў “Гайнаўская зямля” ёсць адпаведныя намеры і планы. Яны тычацца стварэння новых месцаў працы, а таксама рэалізацыі і прыняцця такіх інвестыцый, якія зрабілі б жыццё ў Гайнаўцы больш прывабным.
Атрымаць новыя месцы працы плануецца, у прыватнасці, за кошт стварэння аддзялення Сувальскай спецыяльнай эканамічнай зоны. Адпаведнае рашэнне, як чакаецца, будзе прынятае міністрам эканомікі ў наступным годзе.
Жыхар Гайнаўкі Яўген Янчук адзначае, што на Гайнаўшчыне ўжо традыцыйна стаўка робіцца менавіта на прадстаўнікоў левых сілаў, што мае свае прычыны:
– Пасля Другой сусветнай вайны пачалася міграцыя людзей з вёсак у гарады. Камуністычная сістэма дала вялікую магчымасць для сацыяльнага авансу для шматлікіх прадстаўнікоў баларусаў. І яны адчуваць пэўную сімпатыю да таго, што было калісьці. І цяпер, калі хтосьці гаворыць, што ён левы, то хутчэй атрымае падтрымку з боку людзей, якія маюць сентыменты па мінулым часе.
“Тым больш, што значную частку выбаршчыкаў у Гайнаўцы складаюць менавіта людзі старэйшага пакалення”, – дадае Яўген Янчук.
Яна Запольская, беларускае Радыё Рацыя
Фота Беларускага Радыё Рацыя