Фальклор Падляшскай зямлі ў танцы, музыцы і спевах
Аб’яднанне “Podlaskie Kukułki” з Бельска-Падляшскага пачало рэалізацыю праекту “Фальклор Падляшскай зямлі ў танцы, музыцы і спевах”. Праект прадугледжвае адукацыйныя сустрэчы і майстар-класы для дзетак, моладзі і дарослых. Удзельнікі будуць даследаваць традыцыйныя танцы, народнае рукадзелле ды фальклорныя адметнасці Бельскай зямлі.
Сябры калектыву песні і танца “Podlaskie Kukułki” пачалі з сустрэчы cа Студыяй фальклору падляшскіх беларусаў “Жэмэрва” з Музея малой бацькаўшчыны ў Студзіводах. “Фальклор гэтай зямлі складаюць перш за ўсё – музыка, танец і спевы,” – кажа каардынатарка праекту Яанна Максімюк:
– Культурная разнастайнасць – абрады, звычаі, уплывы розных культур, бо маем і беларусаў, і ўкраінцаў, і літоўцаў, і татараў на нашай Бельскай зямлі, як вобласці этнаграфічнай.
Падвядзеннем вынікаў праекту будзе канцэрт. Да гэтага часу пройдзе яшчэ сем сустрэч – у Боцьках, Орлі і Бельску-Падляшскім.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя