Фермеры патрабуюць адстрэлу дзікоў
Фермеры Падляшша патрабуюць неадкладнага адстрэлу часткі пагалоўя дзікоў, якія кожны год нішчаць сельскагаспадарчыя культуры. З такой петыцыяй гаспадары з Падляшша звярнуліся да прэм’ер-міністра Дональда Туска. Ліст перадалі падляшскаму ваяводзе. Апроч адстрэлу фермеры дамагаюцца большай кампенсацыі за cтраты і змены расцэнак. Раней некалькі дзясяткаў трактарыстаў блакіравалі дарогу з Заблудава ў Беласток.
– Папуляцыя дзікоў чыніць катастрафічныя страты фермерскім гаспадаркам.
– Шмат бюракратыі. Мы займаемся паперамі, едзем, толькі марнуем час.
– Трэба рабіць так, як у вас у Беларусі Лукашэнка загадаў, – знішчаць палову або нават тры чвэрці пагалоўя дзікоў, бо іх вельмі шмат.
– Мы, фермеры, не хочам, каб дзікі рабілі нам столькі шкоды. Мы хочам, каб было менш дзікоў.
На мінулым тыдні ваяводскі ветэрынарны інспектарат дазволіў адстрэл 3000 штук дзікоў у памежных стараствах: Сейненскім, Беластоцкім, Сакольскім ды Аўгустоўскім. Але такая колькасць не задавальняе падляшскіх гаспадароў. Сёння да 20 гадзіны яны будуць блакіраваць вуліцу Міцкевіча пры ваяводскай управе.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота radio.bialystok.pl