Фэст “Бульбамуві” аднавіўся ў Варшаве
У Варшаве аднавіўся фестываль незалежных беларускіх відэа- і кінафільмаў “Бульбамуві”, якога не было з 2015 года. Арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк. Паказ кінаработ маладых і малавядомых беларускіх рэжысёраў праходзіць ужо трэці дзень.

Кінафестываль вельмі своечасовы, важны і неабходны для беларусаў, кажа польскі амбасадар у Беларусі Артур Міхальскі:
– Канешне, гэта вельмі важная падзея, паколькі для беларусаў, якія зараз жывуць у Польшчы, вельмі важна, каб яны былі разам, бачылі тыя ж самыя фільмы і адчувалі сябе супольнасцю.

Кажа паэтка і тэлевядоўца Валярына Кустава:
– Я вельмі ўсцешана, што аднавіўся фестываль незалежнага беларускага кіно “Бульбамуві”. Мне здаецца, што гэта вельмі істотна і для замежнага гледача, і для беларусаў.
Паводле Валярыны Куставай, дзякуючы гэтым кінафільмам, Беларусь не будзе сыходзіць з парадку дня ў міжнароднай супольнасці, што вельмі важна для Беларусі і беларускага народа ў часы жорсткай дыктатуры.





Беларускае Радыё Рацыя
