Фэст «Кабзар яднае Украіну» наведалі беларускія журналісты



Усеўкраінскі фэст тэлерадыё праграмаў «Кабзар яднае Украіну», што адбываўся на Чаркашчыне ва Украіне 19-23 траўня 2017 года наведала група сябраў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў. Пад час сустрэч у Чаркасах, Камянцы, Залатаношы і Халодным Яры беларускія журналісты пазнаёміліся з традыцыямі і культурай украінскага народу.

Распавядае кіраўнік групы беларускіх журналістаў, намесніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Аліна Суравец:

— Мяне ўразіла ўзаемадзеянне ініцыятыў: падрыхтоўка культурніцкіх імпрэз, фестываляў знаходзіць водгук у мясцовых улад. Гэта вельмі ўражвае, бо ў Беларусі крыху іншае стаўленне да падобных нефармальных ініцыятыў. І тое, што прадстаўнікі мясцовых уладаў вялікую долю працы па арганізацыю гэтага фестывалю і прыёму гасцей узялі на сябе, мне падаецца вялікім плюсам украінскай уладзе, якая разумее, што ў сённяшнім стане трэба ісці ў народ і быць бліжэй да народа.

Кіраўніца суполкі Беларускай асацыяцыі журналістаў з Віцебску Алена Сцяпанава шкадуе, што падобныя фэсты журналістаў не адбываюцца ў Беларусі:

— Мяне заўсёды захапляе стаўленне мясцовых людзей да мясцовай гісторыі. І я кажу не пра старадаўнюю гісторыю, а пра тое, што яны гэтую гісторыю памятаюць у сучаснасці. Так, Тарас Шаўчэнка — сапраўды постаць, але мне б вельмі хацелася, каб беларусы таксама шанавалі постаць Паўлюка Багрыма. Гэта герой таго сама часу з падобным лёсам. І вось такі фэст, які мы бачылі тут, цалкам мог бы прысвечаны гэтай постаці. Ці мала ў нас іншых постацяў?  Я ўжо не кажу пра такіх гігантаў думкі як Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч. У нас ёсць усе падставы чым ганарыцца.

Пад час фэсту беларускія журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца з калегамі з розных куткоў Украіны, а таксама з журналістамі з Грузіі ды Іспаніі, а таксама зведаць мясціны звязаныя з гісторыяй Чаркашчыны.

Беларускае Радыё Рацыя