Фэст на Крыначку
У гарадскім амфітэатры ў Гайнаўцы прайшоў Беларускі народны фэст “Крыначка”. Ладзіцца ён ужо шмат гадоў на трэці дзень свята Тройцы, які вельмі ўрачыста адзначаецца на Гайнаўшчыне.
Назва мерапрыемства ўзята ад Крыначкі – святога месца непадалёк Гайнаўкі ў Белавежскай пушчы, дзе ў першай палове дня праходзілі малітоўныя святкаванні. „Фэст – гэта натуральны працяг свята,” – кажа Васіль Сегень з Беларускага грамадска-культурнага таварыства:
– Гайнаўка тут найбліжэй да гэтага святога месца – да Крыначкі. Звычайна на Троіцу народ збіраецца, напрацягу трох дзён едуць у гэтае святое месца, між іншым памыцца святой вадой, памаліцца ў гэтым важным для праваслаўных месцы. Ну а калі ўжо да абеда памоляцца, тады ёсць час і каб павесяліцца – пры музыцы, пры песні.
У час мерапрыемства беларускія песні можна было пачуць у выкананні падляшскіх калектываў ды госця з Беларусі – “Уладары”.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара