Фестываль беларускага тэатра ў Варшаве
Першы ў Польшчы фестываль беларускага тэатра пачаўся ў Варшаве. Цягам шасці дзён у Тэатральным інстытуце імя Збігнева Рашэўскага, які з’яўляецца арганізатарам фестывалю, будзе пастаўлена пяць спектакляў сучасных беларускіх тэатральных групаў.
Мерапрыемства адкрыў спектакль у рэжысуры Святланы Бень і Дзмітрыя Багуслаўскага «З жыцця казурак». Кажа прадзюсарка спектаклю Марына Дашук:
– Спектакль на вершы расейскага паэта Мікалая Алейнікава, які быў расстраляны падчас сталінскіх рэпрэсій у 30-х гадах. Гэта тэксты, якія немагчыма перакласці на іншую мову, бо яны вельмі абсурдысцкія. І калі ёсць магчымасць граць на мове арыгінала, то гэта правільна.
Тамаш Ляшчынскі – прадзюсар фестывалю «Дыму няма, затое ёсць свечкі на торце», адзначае, што спектаклі фестывалю вельмі сучасныя і наватарскія, як узгаданы «З жыцця казурак».
– Спектакль выходзіць па-за пэўную тэатральную форму. Гэта не класічны драматычны спектакль, але спектакль мультымедыйна-музычна-літаратурны. Сярод іншых спектакляў ёсць дакументальны тэатр, ёсць розныя тэатральныя формы, але так ці іначай гэта тэатр, акрамя канцэрта, які будзе 31 траўня на заканчэнне.
Гэта бліжэйшая пятніца, а канцэрт пад назвай «Бардэсы, шаптухі і партызанкі» выканаюць Кася Камоцкая, Лера Сом, Аня Жданава.
Радаслаў Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара