Фестываль беларускай і польскай песні ў Беластоку
ХХVI фестываль беларускай і польскай песні “Беласток-Гродна” прайшоў ў Беластоку.
Па 12 удзельнікаў з польскага і беларускага боку прадставілі на сцэне музычную культуру беларусаў Падляшша і палякаў Гарадзеншчыны, кажа намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Беластоку Васіль Сегень:
– Ідэя такая, каб выступалі калектывы, якія прадстаўляюць польскую меншасць Беларусі, і канешне ж, беларускую меншасць у Польшчы. З нагоды фестывалю адбываецца прэзентацыя рукадзелля, нашыя вядомыя пісьменнікі сваю літаратуру папулярызуюць, прадаюць. Канцэрт – гэта асноўная частка фестывалю. Было шмат маладых выканаўцаў, былі эстрадныя калектывы. Я думаю, што ён быў рознародным, і кожны для сябе знайшоў тое, што яму па душы.
Міжнародныя фестывалі беларускай і польскай песні – гэта святы яднання і сяброўства. Для кожнага ўдзельніка з Беларусі выступленне тут – вялікі гонар, кажа начальніца аддзела ўпраўлення культуры Гарадзенскага аблвыканкама Вольга Багдановіч:
– Гарадзенскія калектывы заўсёды едуць сюды з гонарам, кожны хоча прыехаць і паказаць сваю польскую культуру, якую мы прапагандуем у Беларусі. У гэтым годзе мы выбралі такія калектывы, якія б маглі паказаць самую лепшую творчасць Гарадзеншчыны. Гэта рознастылевыя калектывы – і народная песня, і песня фальклорна-аўтэнтычная, і духавы аркестр, і эстрадная песня. Нават мы прывезлі танцавальны калектыў, які выконвае народныя танцы. Уражанні ад усіх калектываў – гэта выдатны, файны настрой, які аб’яднаў нас усіх!
Фестываль беларускай і польскай песні ладзіцца папераменна ў Беластоку і Гародні і ў залежнасці ад месца правядзення мяняе назву. У наступным годзе на імпрэзу “Гродна-Беласток” палякі Гародні чакаюць у госці беларусаў з Падляшша.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток