Фестываль мастацтва і кулінарыі Podlasie SlowFest



У Супраслі праходзіць фестываль мастацтва і кулінарыі Podlasie SlowFest.

 У гасцях нашага радыё пабывала адна з яго арганізатарак Іанна Якубюк.

РР: Што вы можаце прапанаваць людзям, якія завітаюць у Супрасль?

Іанна Якубюк: Podlasie SlowFest – гэта фестываль, які прапануе больш за 440 мерапрыемстваў, з чаго некалькі дзясяткаў кулінарных. Будзем шмат добрай ежы і шмат добрых кулінарных фільмаў. Мы хочам даказаць, што можна прадставіць рэгіён з дапамогай смаку, бо да нас прыедзе шмат гасцей з ваколіц і усёй Польшчы. Мы з’яўляемся такім спецыфічным месцам, якое на шчасце захоўвае традыцыі, што дагэтуль адчуваецца таксама і ў ежы. Мы хочам завабіць людзей гэтымі смакамі.

РР: Будзе бульбяная кішка і бабка, якая некаторым ужо можа прыелася. Ці ёсць у нашым рэгіёне яшчэ нешта апрача гэтага?

Іанна Якубюк: У ваколіцах Супрасля і Саколкі ёсць цудоўныя сыры, мясныя вырабы, кумпяк, кіндзюк, падляшскі сушоны сыр. Робім вэнджаныя мясныя вырабы нягледзячы на забароны, захоўваем гэты смак.

РР: У суботу можна будзе пазнаёміцца са спецыфікай нашых мясцовых зёлак?

Іанна Якубюк: Так, у суботу 15 ліпеня рыхтуем вячэру, якую прыгатуюць запрошаныя кухары. Вячэра будзе грунтавацца на зёлках з Падляшша. Іншы шэф-кухар будзе рабіць спецыяльныя кактэйлі на базе зёлак. Будзе выкарыстана не толькі тое, што ёсць на кухні, але і тое, што яшчэ робіцца ў пушчы. Сардэчна запрашаем!

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя