Фестываль “Метамарфозы лялек” у Беластоку



22 спектаклі, 15 тэатраў з Польшчы і Еўропы, спадарожныя мерапрыемствы – лялечны фестываль “Метамарфозы лялек” у Беластоку распачнецца 18 чэрвеня. Галоўная ідэя фестывалю – разбурыць стэрэатыпы адносна ўспрымання лялечнага тэатра як тэатра для дзяцей. У гэтым годзе мерапрыемства змяніла свой фармат. Кажа дырэктар Беластоцкага тэатру лялек Яцэк Маліноўскі:

– Вырашылі зрабіць гэты фестываль у такім рэжыме ўікэнду. Гэта будуць два апошнія ўікэнды чэрвеня, першы ўікэнд ліпеня і тры першыя ўікэнды верасня. Спектаклі будуць прэзентаваныя для аўдыторыі 50%. Зразумела, стараемся пашырыць мажлівасці, і ў кавярнях і патыё тэатраў з’явяцца экраны, тэлевізары. Большчасць спектакляў будзе паказана двойчы, нават адзін – тройчы, каб павялічыць колькасць удзельнікаў гэтага мерапрыемства.

Бясплатныя квіткі на спектаклі чэрвеня і ліпеня можна атрымаць 10 чэрвеня з 16.30 да 19.00 у касах Беластоцкага тэатра лялек толькі асабіста, без магчымасці папярэдняга браніравання. Адзін чалавек можа атрымаць максімум 2 білеты на максімум 2 спектаклі, усяго 4 білеты. Білеты на спектаклі, запланаваныя на верасень 2021 года, будуць распаўсюджвацца ў жніўні. Падрабязнасці на старонцы METAMORFOZY LALEK i BTL.BIALYSTOK.PL, а таксама на FACEBOOKU.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя