Фестываль «Одэ» скончыцца спектаклем «Я і ў полі вэрбою расла» (абноўлена)



 «Асэнсаваць што з намі» – пра гэта спектакль лабараторыі «арт-фактар», акцёры якой з Менску прыехалі на Падляшша ў межах фестывалю «Одэ». Ён сёння завяршаецца на Падляшшы. Пераважна тут выступаюць тэатральныя калектывы, якія па-беларуску прэзентуюць тэатральную культуру мясцовых беларусаў, але заўсёды прыязджаюць госці з Беларусі. У Беластоку на камернай сцэне мясцовага драматычнага тэатра ў рамках фестывалю «Одэ» паказалі спектакль «Я – не Я» Лабараторыі «АРТ-Фактар» з Менску.

Рэжысёр спектакля Андрэй Саўчанка:

– Сэнс усе адно паўстане разам з формай, таму што сэнс патрабуе сваёй формы. І ў дадзеным выпадку гэта  празрыстая форма, мінімальная. Хаця ёсць нейкія аб’екты, з якімі акцёр будзе працаваць, і гэта важныя рэчы для нас.

Яшчэ 28 верасня ў Гайнаўцы ў межах фестывалю «Одэ» пакажуць спектакль «Я ў полі вэрбою расла». І гэтай падзеяй завяршаецца 6 тэатральны фестываль «Одэ», які на Падляшшы праходзіў цягам мінулага тыдня.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Спектаклем «Я і ў полі вэрбою расла» на падляшскай гаворцы беларускай мовы завершыцца VI тэатральны фестываль «Одэ». Гэтая пастаноўка створаная паводле твору ўкраінскай пісьменніцы Аксаны Забужко. Спектакль «Я і ў полі вэрбою расла» ў рэжысуры і выкананні Іааны Троц ужо добра вядомы на Падляшшы. Сёлета п’еса ўключаная ў праграму фестываля нездарма.

Кажа Іаана Троц:

– Гэта спектакль, з якога я пачынала сваю тэатральную дзейнасць, і паставіла яго ў 2011 годзе. А цяпер на шостым фестывалі «Одэ» якраз гэта будзе такі маленькі юбілей, бо ўжо 60 разоў я сыграла гэты спектакль. І гэтым скончым сёлетні фестываль, такім акцэнтам.

Спектакль можна будзе ўбачыць сёння, 28 верасня, у Гайнаўцы ў Музеі і асяродку беларускай культуры. Пачатак а 18.00. Уваход вольны.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя