Фестываль «Сонцаграй» крочыць па Падляшшы



Гэтымі выходнымі на Падляшшы распачаўся фестываль традыцыйнай беларускай культуры «Сонцаграй». Першы з чатырох лакальных фэстаў адбыўся, як і летась, у Дубічах Царкоўных. 

Гаворыць дырэктар мясцовага Дома культуры Міраслава Іванюк:

Нам бязмежна прыемна, што мы можам мець у сябе такі фестываль. Як аказалася, ён нам увогуле вельмі блізкі, бо можна было заспяваць нашыя песні, якія паходзяць з нашай гміны. Перад усім так добра склаўся рэпертуар для нашага калектыву, што мы прадставілі тое, што было некалі. Маглі ўзгадаць. Бязмерна прыемна, што сярод публікі аказаліся галасы, якія памятаюць тыя песні, заспявалі іх разам з намі. Хіба варта было тое зрабіць.

Пра далейшыя планы фестывалю «Сонцаграй» распавёў нашаму радыё адзін з яго арганізатараў Зміцер Косцін

– Пачынаецца рэалізацыя таго, да чаго мы ішлі вельмі доўга. З Дубіч Царкоўных пачынаем, Саколе, гміна Міхалова. Праз тыдзень завітваем у гміну Супрасль. Сустрэнемся ў Цясном, як гавораць мясцовыя. А пазней запрашаем усіх на вялікі фінал на пляжы ў Бандарах або на пляжы ў Рудні 24 чэрвеня. Там будзе шмат спеваў, танцаў, забаў і варштатаў, але таксама купальскае вогнішча, купальскі карагод з купальскімі традыцыйнымі спевамі і проста супольная забава.  

Фестываль традыцыйнай беларускай культуры праходзіць на Падляшшы ў другі раз. Ладзяць яго фонд «Тутака» сумесна з мясцовымі асяродкамі культуры ды народнымі калектывамі.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя