Фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2018”: конкурсныя праслухоўванні
Пачаліся конкурсныя праслухоўванні ў межах Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2018” у Беластоку.
Два беларускія хоры выступяць сёння ў час конкурсных слуханняў Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2018”. У катэгорыі прыхадскіх хораў заспявае хор з Гомеля. Сярод аматарскіх хораў пачуем таксама акадэмічны хор “Белая Вежа” Берасцейскага палітэхнічнага інстытута. У час двух дзён конкурсных слуханняў госці фестывалю пачуюць яшчэ 20 хораў між іншым з Вялікабрытанні, Літвы і Малдовы. Цікавінкай сёлетняга фестывалю будзе праваслаўны хор Тэотокос з Лівану, кажа сябра журы прафесар Рамуальд Твардоўскі:
— У нас яшчэ не было нікога з ліванскага праваслаўя. Апроч таго, Украіна, як заўсёды, 2 хоры з Літвы. Вялікі геаграфічны дыяпазон сёлета і гэта вельмі добра, бо конкурс становіцца больш цікавым для слухачоў.
У першы дзень выступілі дзесяць хораў з Балгарыі, Славакіі, Украіны, Расеі ды Літвы. Перад беластоцкай публікай выступілі таксама два моладзевыя хоры з Менска. Гэта хор гімназіі пры дзяржаўнай акадэміі Музыкі і хор дзяржаўнага музычнага каледжу імя Глінкі.
Асноўным матывам сёлетняга фестывалю з’яўляецца духоўная музыка народаў, якія жылі ў Рэчы Паспалітай, кажа дырэктар і стваральнік мерапыемства Мікалай Бушка:
– Маем і Рэч Паспалітую сённяшнюю, у якой ёсць кампазітары, якія ствараюць царкоўныя творы на польскай мове, але таксама і польскіх кампазітараў, якія стваралі царкоўную музыку ў часы Рэчы Паспалітай многіх народаў. А таксама маем кампазітараў, якія выконвалі гэтую музыку, з краін, якія ўваходзілі ў склад вялікай Рэчы Паспалітай.
Сёння другі дзень конкурсных праслухоўванняў. Сваё мастацтва пакажуць між іншым хор прыхода з Гомеля ды акадэмічны хор „Белая Вежа” берасцейскага палітэхнічнага інстытута. Пачатак а 17-й гадзіне.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток