Фестываль “З вясковага падворка” ў Чаромсе



Фестываль “З вясковага падворка” 24 раз сабраў у Чаромсе прыхільнікаў жывой музыкі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ды кухні народаў памежжа Польшчы, Украіны і Беларусі. Беларусы сёлета вылучыліся ў майстар-класах – амаль палова іх была праведзеная з удзелам беларускіх майстроў. Рабіць выцінанку, лялечны тэатр ды лялькі-амулеты, таньчыць беларускія танцы, вышываць стужкамі вучылі госці з Беларусі.

Найбольш яркай беларускай падзеяй фестывалю стаў вясельны абрад у выкананні ўзорнага клубу аматараў фальклору “Катрынка”. Прывезці і паказаць нешта блізкае і зразумелае вельмі проста, бо Высокае з суседнімі абшарамі Падляшша яднае агульная традыцыйная культура, кажа ўдзельніца клубу “Катрынка” Аліна Васілюк:

– Вывучаючы абрад і традыцыі, сутыкаемся з тым, што вельмі падобныя абрады, танцы, легенды – увогуле ўвесь фальклор агульны можна сказаць. На вяселле з’язджаецца многа людзей, многа родзічаў з розных месцаў. І вось яны прыехалі мо здалёк, і штосьці новае выклікае цікаўнасць, а штосьці сваё мае эмацыянальны водгук.

Традыцыйна беларусы з Польшчы таксама прымаюць удзел у фестывалі. Сёлета Віталь Воранаў, дудар з Познані з беларускімі каранямі, распавядаў пра беларускіх шаптух і вучыў граць на беларускай дудзе ўсіх ахвотных. А гаспадыні з Чаромхі гатавалі традыцыйныя стравы беларусаў Падляшша. Кажа Вера Алексеюк:

– Варэнікі, дранікі з мясам – гэта для нас забава, нам, старэйшым людзям прыемна быць тут, удзельнічаць у гэтым мерапрыемстве. Зараз мы стварылі Кола вясковых гаспадынь і прадаём свае вырабы. Ужо ўсё разабралі, бо наша ежа смачная.  

Ад пачатку і да канца фестывалю “З вясковага падворка” працаваў кірмаш, дзе можна было набыць вырабы народных майстроў ды польскія, татарскія, украінскія і беларускія прысмакі.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя