Фігурантам справы аб забойстве Нямцова прад’яўлены афіцыйныя абвінавачванні
Рэлігійная або нацыянальная нянавісць, паводле расейскага следчага камітэту, сталі прычынай забойства Барыса Нямцова. Сёння следчы камітэт прад’явіў абвінавачванне двум затрыманым чачэнцам. Такім чынам, следства выключыла замову на забойства расейскага апазіцыйнага палітыка.
Абвінавачванне чатырох чачэнцаў у забойстве на глебе рэлігійнай помсты гучыць непераканаўча, мяркуе галоўны рэдактар “Беларускага Партызана” Павал Шарамет:
– Я дакладна магу сказаць, што чачэнцы не мелі нянавісці да Нямцова. І па рэлігійных матывах яны б ніколі не здзейснілі такога злачынства. Тыя чачэнцы, якім зараз прад’яўлена абвінавачванне, цесна звязаныя з уладамі Чачні, з Рамзанам Кадыравым. Па традыцыях, якія існуюць у гэтай краіне, ніводзін чачэнец не пайшоў бы на такі ўчынак, не ўзгадніўшы яго з прадстаўнікамі ўлады.
28 лютага у 200 метрах ад Крамля быў забіты расейскі апазіцыйны палітык Барыс Нямцоў. Сярод версій – забойства на рэлігійнай глебе, замова заходніх спецслужбаў ды забойства з мэтай расхістаць палітычную сітуацыю ў Расеі.
Самі паплечнікі Барыса Нямцова ўскладаюць ускосную віну за забойства на расейскую ўладу.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота «Коммерсантъ»