Фінал Агульнапольскага фэсту “Беларуская песня” ў Беластоку



Больш за 80 беларускіх песень прагучала са сцэны Падляшскай оперы і філармоніі. Тут прайшоў фінальны агляд конкурсу “Беларуская песня”.

Намеснік cтаршыні Беларускага грамадска-культурнага таварыства Васіль Сегень адзначыў, што вельмі важным з’яўляецца ўдзел у конкурсе маладых выступоўцаў.

– Гэта, канешне, вельмі важна для нас, бо фестываль паказвае ўдзел моладзі ў беларускай песні, у беларускай культуры.

На сцэне выступалі вядомыя беларускія калектывы, такія як “Цаглінкі” ды “Васілёчкі”, а таксама і маладыя дэбютанты.

– Яшчэ не адышлі ад эмоцый! Вядома, стараемся выступіць як мага найлепш. Мы думаем увесь год, якія песні падрыхтаваць. Пасля спецыяльныя пробы, каб усё атрымалася.

– Мы маладыя, але нас натхняюць гэтыя песні. Гэта даволі складана, бо мусілі тэхнічна вучыць. Нашы бабулі і дзядулі мелі гэта ад нараджэння, бо спявалі ўсе разам. А мы мусім вучыцца.

– Тут канкурэнцыя, каб паказаць у рэгіёне сваё месца, як калектыва, які выступае. Прыярытэт у гэтым конкурсе, магчыма, не занятае месца, а рэклама. 

Самых лепшых выканаўцаў можна будзе пачуць падчас гала-канцэрту, які адбудзецца ў чацвер.

Беларускае грамадска-культурнае таварыства арганізуе агляд “Беларуская песня” дзеля захавання фальклору, прадаўжэння беларускіх  традыцый і культуры.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя