Фонд “Tutaka” мае багата планаў
Фонд “Tutaka” мае багата планаў, скіраваных на развіццё беларускай культуры на Падляшшы. Нядаўна ў Беластоку прайшлі першыя курсы “Мова Нанова”, праўда, пакуль выязныя. Але не выключана, што такое мерапрыемства атрымаецца ладзіць уласнымі сіламі.
Як кажа старшыня фонду Павел Стана Станкевіч, некаторыя падзеі плануюцца яшчэ ў гэтым годзе:
– Трэба таксама нешта прыдумаць да свят, магчыма, нават створым наш беластоцкі хор, які нам заспявае на Каляды. У наступным годзе, ужо ў лютым, у рамках Дня роднай мовы, хочам стварыць новую падзею – конкурс, у якім дзеці, моладзь, а нават і дарослыя, змогуць прадэманстраваць чытанне вершаў нашых выдатных паэтаў або твораў пісьменнікаў.
У наступным годзе Фонд “Tutaka” арганізуе не толькі другі выпуск аднайменнага фестывалю, але будзе адказны і за правядзенне фестывалю “Бардаўская восень”. Плануецца зладзіць Купалле ды іншыя падзеі, сачыць за якімі можна праз інтэрнэт, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі Фонду.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя