Фонд “Яны – гэта мы” будзе мець сваю сядзібу
Фонд “Яны – гэта мы”, які ўжо амаль 10 гадоў дзейнічае ў карысць пабудовы адкрытага грамадства, будзе мець сваю сядзібу. У суботу, 26 чэрвеня, каля дзясятка чалавек сабраліся, каб упарадкаваць зямельны ўчастак ў Белавежы – Падаляны і памяшканні, дзе будзе месціцца мастацкая майстэрня – Акадэмія рукадзелля.
Майстэрня будзе ладзіць майстар-класы для дзяцей і моладзі з дзіцячых дамоў, школаў і прадшколляў, – кажа старшыня Фонду “ Яны – гэта мы” Наталля Герасімюк:
– Дзякуючы сяброўцы нашай, мы маем гэтае месца. І арганізуем талаку. І талакою разам, супольна, робім парадкі. Парадкуем панадворак, парадкуем таксама хату. Зробім тое, што зможам…
Фонд “ Яны – гэта мы” і Акадэмія рукадзелля ладзяць выязныя майстар-класы для дзяцей і дарослых. Апошнім часам у Кольнеці – Сямятычах. Зараз яны будуць мець уласнае месца, дзе змогуць прымаць гасцей і ладзіць майстар-класы. На ўпарадкаванне зямельнага ўчастка і памяшканняў спатрэбіцца яшчэ крыху часу і фінансавых сродкаў.
Першыя заняткі мастацкай майстэрні – Акадэміі рукадзелля – запланаваныя ўжо на восень.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя