Форум меншасцей Падляшша супраць вуліцы Лупашкі



Форум меншасцей Падляшша пратэстуе супраць пастановы Рады Беластока назваць адну з вуліц горада ў гонар камандзіра 5 Віленскай брыгады Арміі Краёвай Зыгмунта Шэндзеляжа «Лупашкі».

Як паведаміў прадстаўнік Форума Славамір Назарук, адпаведны ліст сёння быў перададзены старшыні Рады горада:

— Мы просім зрабіць захады па ануляванні той пастановы. Кепска, што тое так раптоўна выцягнулі на камісію, не хацелі нават абмеркаваць. Форум меншасцей Падляшша перш за ўсё прадстаўляе царкоўныя арганізацыі. Я ў Форуме ад Брацтва Трох Свяціцеляў, і таксама ад іншых царкоўных арганізацый ёсць гэты пратэст.

Некалькі дзён таму на сесіі рады горада галасамі радных партыі «Права і Справядлівасць» была ўхвалена прапанова, каб адну з вуліц на беластоцкіх Скарупах назваць ў гонар Зыгмунта Шэндзеляжа псеўданім Лупашка . Радныя ад кіруючай партыі матывавалі свой выбар тым, што Зыгмунт Шэндзеляж быў змагаром за сапраўдную незалежнасць Польшчы і да канца змагаўся з камуністычным рэжымам. Радныя ад Форуму нацыянальных меншасцей прыводзяць прыклады пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне атрадам Лупашкі і адзначаюць, што ён не годны быць патронам вуліцы ў Беластоку.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: poranny.pl