FUEN хоча выпрацаваць стандарты правоў нацменшасцяў у ЕЗ
Выпрацаваць стандарты правоў нацыянальных і этнічных меншасцяў для ўсіх краінаў Еўразвязу хоча Еўрапейская унія нацыянальных груп (FUEN), якая збірае подпісы пад петыцыяй у Еўрапейскую Камісію. Каб акцыя на тэрыторыі Польшчы завяршылася поспехам, трэба сабраць прынамсі 38 тысяч 500 подпісаў, кажа каардынатарка збору подпісаў у Польшчы прадстаўніца нямецкай меншасці Магдалена Леманчык:
– Мы сабралі каля 2070 подпісаў. Калі казаць пра нашу супольнасць, то зараз мы распрацавалі стратэгію электроннага збору подпісаў і распаўсюджвання інфармацыі пра акцыю ў СМІ нацменшасцяў.
Інфармацыя пра збор подпісаў пад петыцыяй змешчана таксама на сайце супольнай Камісіі ўраду і нацыянальных меншасцяў у Польшчы.
Да красавіка гэтага года ў краінах Еўразвязу павінна быць сабрана прынамсі мільён подпісаў, каб Еўрапейская Камісія разгледзела гэтае пытанне. На Беласточчыне подпісы пад петыцыяй збірае Беларускае грамадска-культурнае Таварыства.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя