Фундацыя «Тутака» заклікае пазначаць сябе беларусамі



На старонцы фундацыі «Тутака» у Facebook апублікавалі новыя відэазвароты прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якія заахвочваюць пазначаць сябе ў перапісе беларусамі.

У прыватнасці, так зрабіў журналіст Зміцер Косцін:

– У перапісе насельніцтва я пазначыў беларускую нацыянальнасць. Не таму, што я нарадзіўся ў Беларусі, а таму, што беларусамі былі мае бацькі, дзяды, прадзеды. Гэта тая нацыянальнасць, да якой я сябе адношу, частка, якой я сябе лічу і буду лічыць, дзе б я не жыў, тут, у Польшчы, на Антарктыдзе  ці ў Злучаных Штатах Амерыкі.

–  Мяне клічуць Марына Ляшчэўская, я жыву ў Польшчы, я – прадстаўнік польскай дыяспары, кіраўнік Фонда 20/20. Падчас перапісу я адзначу польскую і беларускую нацыянальнасць, таму што нарадзілася ў Беларусі і Беларусь назаўжды ў маім сэрцы.

Фундацыя «Тутака» заклікае ў перапісе насельніцтва, які стартаваў у Польшчы 1 красавіка, пазначаць сваю нацыянальнасць як беларускую. «Пакажам, што шматкультурнасць, асабліва на Падляшшы, гэта не пустыя словы, а элемент, які ўзбагачае краіну і непарыўна звязаны з яе гісторыяй і спадчынай», – пішуць заснавальнікі фундацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: скрыншоты з відэазвароту