«Гайнаўка – 2018»: хоры з Украіны і Малдовы – лепшыя сярод прафесіяналаў
На Міжнародным фэсце царкоўнай музыкі ў Беластоку першае месца ў катэгорыі прафесійных хораў падзялілі паміж сабой Камерны хор «Сафія» з Кіева і Дзяржаўны Прыднястроўскі хор.
Гаворыць дырыгент кіеўскага хору Аляксей Шамрыцкі:
– Як можна ехаць на конкурс, не разлічваючы на перамогу? Зразумела, мы вельмі хацелі перамогі і мы яе здабылі. Мы не зацыкліваемся толькі на праваслаўнай музыцы. Мы намагаемся працаваць у максімальна шырокіх дыяпазонах.
У катэгорыі дзіцячых і моладзевых хораў першае месца прысудзілі хору «Ажуоліўкас» з Вільні ды зноў жа кіяўлянам.
– Хор хлопчыкаў імя Равуцкага. Самыя малодшыя на фестывалі.
Усяго ў конкурсе царкоўнай музыкі ў Беластоку сёлета спаборнічалі 30 хораў з 11 краінаў.
Калі ўкраінцы занялі першыя месцы ў катэгорыях «прафесійны», «дзіцяча-моладзевы хор», «хор музычнай вучэльні», то расейцы прызнаныя лепшымі сярод парафіяльных і аматарскіх хораў. Як кажа дырэктар мерапрыемства Мікалай Бушка, фестываль працягне аддаваць перавагу менавіта праваслаўным спевам розных часоў.
– Калі хто хоча спяваць пратэстанцкую музыку, няхай шукае месца на другіг фестывалях. Мы спяваем пратэстанцкую музыку пры нагодзе на другіх мерапрыемствах, напрыклад, на “Днях сакральнай музыкі”, калі прапануем музыку ўсіх нашых канфесій. Але наш фестываль – адзіны, першы ў свеце фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка”, які існуе 37 гадоў, і выконвае абсалютна царкоўную музыку. Ад пачатку – па сучасную, таму што музыка царкоўная развіваецца. Прэзентуем сучасныя кампазіцыі аcapella, але таксама сучасныя кампазіцыі інструментальна-вакальныя.
Мікалай Бушка падкрэслівае, што фэст «Гайнаўка» застаецца адзіным у свеце, дзе канкурсантамі становяцца прафесійныя хоры. Разнастайныя імпрэзы ў межах фестывалю сёлета прайшлі таксама ў Белавежы, Крынках, Міхалове, Бельску ды іншых кропках Падляшша.
Стас Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя