Міжнародны фестываль “Гайнаўка-2019” у Беластоку (абноўлена)



Абвешчаныя вынікі 38 Міжнароднага фестывалю царкоўнай музыкі „Гайнаўка-2019”.

У намінацыі прыхадскіх хораў першае месца атрымаў хор варшаўскай архікатэдры пад кіраўніцтвам Дарыюша Зімніцкага, у намінацыі аматарскіх свецкіх хораў першае месца падзялілі два хоры з Вроцлава – хор Вроцлаўскага ўніверсітэту „Gaudium” пад кіраўніцтвам Аляна Урбанка ды хор Вроцлаўскага медыцынскага універсітэту „Medici Cantates”, якім кіруе Магдалена Войтас.

Сярод дзіцячых хораў па меркаванні журы самымі лепшымі былі „Сафійскія хлопцы” пад кіраўніцтвам Адрыяны Благоевай з Сафіі ў Баўгарыі.

У намінацыі прафесійных хораў першае месца падзялілі Акадэмічны хор з Пермі, якім дырыгуе Вольга Выгузава ды Акадэмічны хор філармоніі з Чарнаўцоў, які ўзначальвае Надзея Селязнёва. А ў намінацыі “хоры музычных вучэльняў” дыплом лаурэата атрымаў хор музычнай вучэльні пры Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам Леаніда Паўлава. Кажа старшыня журы кампазітар, прафесар Рамуальд Твардоўскі:

– Выдзялялася безумоўна Масква з хорам з музычнага вучылішча пры кансерваторыі Чайкоўскага. Дырыжор спадар Паўлаў вельмі таленавіты чалавек. Я думаю, што яны прыедуць да нас яшчэ раз адкрываць фестываль, бо яны лаўрэаты па якасці гучання.

Сярод пераможцаў конкурсу ёсць і беларусы. Другое месца ў катэгорыі прафесійныя хоры было прысуджанае Архіерэйскаму катэдральнаму хору з сабору Св. Духа ў Менску. Ганаровае права закрыць фестываль агульным „Многая лета” дастаў кіраўнік калектыву, дырыжор Віталь Сабалеўскі, узнагароджаны яшчэ і спецыяльным дыпломам дырыжора:

– Высока ацанілі наш калектыў. Дырыжор з Расеі з Пярмі кажа: „Давайце вы, бо вы мужчына. Сводным хорам зараз будзеце кіраваць”. Канешне гэтым і запомніцца, што быў поўны зал і давялося кіраваць хорам. Артысты сказалі: „Віталь Іванавіч, гэта ваша наканаванне, бо калісьці своднымі хорамі кіраваў прафесар Віктар Уладзіміравіч Роўда”.

Акрамя Віталя Сабалеўскага спецыяльны дыплом дырыжора прывязе ў Беларусь Тамара Парфёнава, кіраўнічка хору з музычнага каледжа з Берасця. А Ганна Гайкова, дырыжор хору „Вясёлка” з Баранавічаў дастала спецыяльную ўзнагароду дырэктара фестывалю.

У Беластоку завяршаецца 38 Міжнародны фестываль „Гайнаўка-2019”. Нагадаем, што ў конкурсе ўзялі ўдзел 25 калектываў з краін Еўропы, Азіі і Афрыкі. А ўсяго ў час конкурсных канцэртаў у Беластоку прагучала каля 150 твораў.

Таксама ў рамках фестывалю кожны ўдзельнік выступіў з вялікай пазаконкурснай канцэртнай праграмай. Звыш 25 канцэртаў адбыліся ў вялікіх і малых гарадах і мястэчках Падляшша, у школах Беластоку. Найбольш адметным і пазаконкурснымі падзеямі фестывалю сталі XIV Белавежскія дні сакральнай музыкі і XXVIII Варшаўскі канцэрт царкоўнай музыкі:

Пазаконкурсныя мерапрыемствы далі мажлівасць хорам і ансамблям выканаць не толькі царкоўную музыку. Кажуць хармайстарка з Чарнаўцоў Надзея Селязнёва і кіраўнічка хору з Тбілісі Таццяна Мегрэлідзэ:

– У Беластоку ў школе ў нас канцэрт, цяпер у нас песня, а не канцэрт. Канцэрт выконваюць як спектакль. Мы хочам паказаць наша жыццё, наш быт нашымі песнямі – вясельнымі, для дзіцяці ад нараджэння.

– У нас быў канцэрт у Краснаставе, у Варшаве. Каласальна цёплая публіка, яна так цудоўна ўспрымае. Пасля канцэрту ў нас радасць. Я кажу сваім артыстам: Вось ведаеце, я сябе зараз у гэтыя дні адчуваю па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам.

38 Міжнародны фестываль „Гайнаўка-2019” завершыцца ў Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай 19 мая. У 14.00 будуць абвешчаныя і ўзнагароджаныя лаўрэаты конкурсу, а ў 16.00 пачнецца гала-канцэрт.

У Беластоку працягваюцца конкурсныя праслухоўванні 38 Міжнароднага фестывалю “Гайнаўка-2019”.

У другім конкурсным дні ўзялі удзел 3 аматарскія свецкія калектывы з Сербіі, Эстоніі і Расеі, 4 прафесійныя хоры з Беларусі, Літвы, Расеі і Украіны.

У катэгорыі “прыхадскія хары” з праграмай, цалкам складзенай з праваслаўнай царкоўнай музыкі, выступіў каталіцкі хор з Варшавы пад кіраўніцтвам Дарыуша Зімніцкага:

Гэта напэўна адзін з найлепшых харавых фестываляў у Польшчы. Ён менавіта звязаны з царкоўнай музыкай, якая вельмі харавая. Кожны царкоўны хор выдатна адчувае фактуру хору. Кожны хор любіць гэта спяваць, і мы таксама любім. Заўсёды тут можна спадзявацца на вялікую колькасць калектываў з розных краін. Можна пазнаць культурныя інтэрпрэтацыйныя трэнды, што мяне і харыстаў звычайна вельмі цікавіць.

Трэці, апошні, дзень конкурсных праслухоўванняў адбудзецца ў Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай 18 мая а 15.00. Выступяць прафесійныя і аматарскія хоры з Польшчы, Беларусі, Расеі, Украіны, Славакіі і Ганы.

* * * 

Першы дзень конкурсных праслухоўванняў 38 Міжнароднага фестывалю “Гайнаўка-2019” прайшоў у Беластоку. Перад журы і гледачамі выступілі 8 калектываў з Беларусі, Украіны, Расеі, Балгарыі, Латвіі і Грузіі. Найбольш адметнымі па гучанні і рэпертуары былі дзіцячыя хоры з Балгарыі і Грузіі. Яны прывезлі на конкурс шмат песнапенняў, што рэпрэзентуюць іх нацыянальную праваслаўную музычную культуру. Гавораць кіраўнічкі хораў Таццяна Мегрэлідзэ і Адрыяна Благоева:

Любая музыка носіць тыя элементы, якія вельмі характэрны для нацыянальнага музычнага стылю, нягледзячы на тое, што гэта праваслаўная музыка.

– Я вельмі рада, што ёсць такі фестываль, бо гэта адзін з такіх важных, галоўных фестываляў царкоўнага спеву. Іх вельмі мала. Ёсць магчымасць і ў дзяцей, і ў дарослых паказаць царкоўныя спевы сваёй краіны, сваёй Радзімы.

17 мая а 17.00 у Падляшскай оперы і філармоніі працягнуцца конкурсныя выступленні. Выступяць аматарскія, прафесійныя ды прыхадскія хоры з Беларусі, Польшчы, Украіны, Расеі, Эстоніі і Сербіі.

Уваход на конкурсныя праслухоўванні вольны.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтаркі