Гайнаўка запрашае на фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы (абноўлена)
Фестываль пачнецца 9-га ліпеня з конкурснай часкі, якая пройдзе ў Гайнаўскім доме культуры. Сярод патронаў фестывалю – ўдава паэта Вольга Акуджава. Сярод патронаў фестывалю – ўдава паэта Вольга Акуджава.
Пра фестываль распавядае кіраўнік сацыяльна-культурнай асацыяцыі „Granie bez granic”, а таксама адзін з галоўных арганізатараў мерапрыемства Анатоль Баравік:
– Мінае год ад моманту, калі мы завяршылі І Міжнародны фестываль паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера, надзея, каханне” ў Гайнаўцы. Мы вельмі шчаслівыя, фестываль атрымаўся, вельмі шмат людзей паверыла ў гэты фестываль. Вольга Акуджава і ўсе мае прыяцелі з Усходу – Беларусі, Расеі, Украіны, пыталіся праз два тыдні, калі я адпачываў пасля фестывалю, “Калі будзем пачынаць новы фестываль?”. Мы пачалі рыхтаваць правядзенне фестывалю ад верасня мінулага года. Фестываль стаў больш маштабным, мала таго, што ладзім яго на Падляшшы, у Гайнаўцы, гала-канцэрт 11-га ліпеня ў гайнаўскім амфітэатры, але таксама адбудзецца канцэрт 12-га ў Падляшскай оперы і філармоніі. У наступны дзень, у панядзелак 13-га, канцэрт у Шэпетове, пазней канцэрт у Саколцы. Пазней усёй групай едзем у Торунь, дзе адбудуцца канцэрты ў Торуні, ва Улацлаўку, у Цехацінку, у Гурску, у Рэпіне. Ад 15-га ліпеня ў 5-ці мясцовасцях Куяўска-Паморскага, а калі завершым канцэрты ў Куяўскім ваяводстве, едзем у Люблін, дзе адбудуцца канцэрты ў Люблінскім замку – там завершым фестываль.
Неспадзявана малады, маленькі фестываль у правінцыйнай Гайнаўцы разросся да агульнапольскага міжнароднага фестывалю, які будзе праходзіць ужо ў трох ваяводствах, працягнецца амаль два тыдні, прыедзе вельмі шмат артыстаў. Мяркуем, што шмат людзей захоча паўдзельнічаць у конкурсе фестывалю, які адбудзецца 9-га ліпеня ў Гайнаўскім доме культуры. Журы нашага фестывалю ўзначаліла культавая спявачка, найбольш вядомая з польскіх спявачак мінулых гадоў, Ёанна Равік – педагог, журналіст. Патранат над фестывалем, як і ў папярэднім годзе ўзяла Вольга Акуджава, а таксама ваяводскі маршалак, і што таксама важна, новая арганізацыя галоўнае ўпраўленне Саюза польскіх літаратараў і пісьменнікаў – гэта вельмі важна, бо Саюз літаратараў так лёгка не бярэ патранат, я думаю, што гэта вялізны поспех. Важным з’яўляецца таксама тое, што нам стала лягчэй у фінансавым плане, бо калі людзі пабачылі нашы эфекты працы – гэты фестываль, гэтыя цудоўныя канцэрты, гэты вялікі запоўнены людзьмі амфітэатр і зала была поўная, як сказаў былы гайнаўскі стараста: “Пакуль жыву не бачыў столькі людзей у сваім гайнаўскім амфітэатры. Мяркуем, што людзі будуць да нас прыходзіць, што гэты фестываль будзе абрастаць славай, людзьмі, лаўрэатамі, стане візітоўкай той зямлі нашага рэгіёна і будзе ўслаўляць Гайнаўку не толькі ў Польшчы, але таксама ў свеце.
Заяўкі на ўдзел у конкурснай частцы ІІ Міжнароднага фестывалю паэтычнай песні імя Булата Акуджавы “Вера, надзея, каханне” можна дасылаць на адрас Гайнаўскага дому культуры да 9 ліпеня. Падрабязная інфармацыя пра фестываль на старонцы festiwal-bulata.blogspot.com.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя
Фота festiwal-bulata.blogspot.com