Гайнаўскі белліцэй адзначае 70-годдзе
У гэтым годзе Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы адзначае сваё 70-годдзе. Да юбілею прымеркаваны і IV з’езд выпускнікоў ліцэя, запланаваны на 28 і 29 верасня.
Госць “Рацыі” – дырэктар ліцэя Ігар Лукашук.
РР: Якія мерапрыемствы вы падрыхтавалі да юбілею?
Ігар Лукашук: Фактычна гэта будзе кульмінацыя святкавання 70-годдзя ліцэя, бо мы ўжо са студзеня гэтага года пачалі цыкл сустрэчаў для вучняў з выпускнікамі. Выпускнікі дзяліліся з вучнямі сваім досьведам і расказвалі, што ім дало навучанне ў Гайнаўскім беларускім ліцэі. Але для адзначэння юбілею патрэбна вялікае свята. Святкаваць мы пачынаем з сённяшняга дня. Сёння ў нас будзе адмысловы канцэрт гурта Navi для нашых вучняў і вучняў пачатковых школ з Гайнаўкі, якія вывучаюць беларускую мову. У суботу будзе супольнае святкаванне, у якім прымуць удзел і сённяшнія вучні, і выпускнікі, і настаўнікі – цяперашнія, і якія ўжо на пенсіі, і госці. Свята вялікае і цікавае, апрача афіцыйнай часткі будзе і прэзентацыя фільма пра ліцэй, прэзентацыя пра гісторыю школы і мастацкая частка, дзе былыя вучні нашай школы дораць музычны падарунак.
У рамках святкавання таксама адкрыем выставачную прастору ў нашай школе, у якой будуць дзве выставы, адна з іх прысвечана папярэднім з’ездам, другая – прысвечаная гісторыі школы. І гэта ўжо будзе сталы элемент нашага ліцэю. Таксама будзе ў школе пачастунак і сустрэчы ў класах. Супольныя фотаздымкі, наведванне магілак тых, хто ўжо ад нас адышоў, і ўвечары – баль.
РР: Ці будуць прадстаўнікі беларускага консульства?
Ігар Лукашук: Так, пацвердзіў сваю прысутнасць Амбасадар Рэспублікі Беларусь. Таксама трэба адзначыць, што Культурны цэнтр Беларусі дапамагае ў правядзенні нашага мерапрыемства.
РР: Гаворачы пра славутасцяў. Кацярына Бонда – каралева польскага дэтэктыву – таксама выпускніца Гайнаўскага беларускаг ліцэю. Каго яшчэ Вы можаце назваць?
Ігар Лукашук: Вельмі шмат людзей, насамрэч, якія дасягнулі нечага вялікага. І цыкл сустрэч з былымі вучнямі паказаў, што іх шмат і гэта людзі, якія са слязьмі на вачах узгадвалі сваю вучобу ў Гайнаўскім беларускім ліцэі. І кожны пацвярджае, што гэтая школа стала фундаментам, з якога яны выйшлі ў жыццё і дасягнулі посьпехаў. З малодшых трэба згадаць Ілону Карпюк, трэба, зразумела, сказаць і пра Яўгена Вапу – актыўнага беларускага дзеяча. Пералічваць можна вельмі доўга.
РР: Што пажадаць Гайнаўскаму беларускаму ліцэю з беларускай мовай навучання на яго 70-годдз?
Ігар Лукашук: Я думаю, таго, каб ён надалей рэалізоўваў свае галоўныя задачы – добра рыхтаваў вучняў, даваў ім добрыя веды, а таксама, каб дапамагаў маладым людзям падтрымліваць сваю тоеснасць, шукаць сваю дарогу ў жыцці, будаваць пачуццё годнасці. Каб яны ішлі па жыцці з высока паднятымі галовамі.
70–ці гадовая гісторыя Гайнаўскага беларускага ліцэя пачалася 1-га верасня 1949 года, аднак назва „Агульнаадукацыйны ліцэй з беларускай мовай навучання” школа набыла толькі ў верасьні 1965 года.
Гутарыла Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя