Гайнаўскі белліцэй адзначыў Дзень Волі
У Гайнаўскім белліцэі супольна з Аб’яднаннем на карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову „АБ-БА” з Беластоку, адбылося святочнае мерапрыемства да Дня Волі.
Свае віншаванні з нагоды Дня Волі перадаў старшыня Аб’яднання „АБ-БА” Томаш Герасімюк:
– Віншую ўсіх з Днём Волі. Адзначаем Дзень Волі – гэта важная справа, важная ідэя, важная падзея. Нашы дзеці могуць прыехаць у Гайнаўку па запрашэнні ліцэю, каб сустрэцца.
Падчас Дня Волі ў Гайнаўскім ліцэі журналіст і пісьменнік Алесь Кіркевіч зачытаў для ўсіх лекцыю пра БНР, і таксама перадаў усім беларусам віншаванні з нагоды свята:
– Вельмі цешуся, што я ўбачыў ліцэй у Гайнаўцы. Я сам вучыўся ў ліцэі, вельмі знаёмая атмасфера, куча дзяцей узнёслых, бегаюць, да чагосьці рыхтуюцца, на сцэне вісіць бел-чырвона-белы сцяг. Для мяне гэта злом мозгу, бо цяжка было такое ўявіць. Святочная, прыемная атмасфера, кавалачак беларускай Беларусі пра якую можна толькі марыць. Усіх падляшскіх беларусаў, дыяспару і беларусаў у Беларусі хацелася б павіншаваць з Днём Волі.
Да Дня Волі інтэр’ер ліцэю быў аздоблены фактычна забароненымі рэжымам у Беларусі гербам „Пагоня” і бел-чырвона-белымі сцягамі. Падчас канцэрту прагучалі паланэз Агінскага „Развітанне з Радзімай”, песня „Воіны святла” Ляпіса Трубяцкога ды інш. Перад гледачамі станчылі калектывы „Падляшскі вянок”, „Знічка” і „Лявоніха”.
Беларускае Радыё Рацыя