Ганна Кандрацюк: Палессе адкрылася мне



Днямі ў Беластоку ў межах фестывалю «Аўтары і кнігі» адбылася анлайн-прэзентацыя выдання пісьменніцы Ганны Кандрацюк «Па Прыпяці па Нобель». Арыгінал кнігі быў напісаны на беларускай мове, а гэтым разам чытачам быў прадстаўлены польскі варыянт. Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка размаўляла з госцем Рацыі – беларускай пісьменніцай з Падляшша Ганнай Кандрацюк – пра тое, як стваралася кніга і як прайшла сама прэзентацыя выдання.

Ганна Кандрацюк:  Уражанні ў мяне вельмі добрыя. Здзіўлена, што было столькі цікавых каментароў, што столькі  людзей глядзела. Бачу, што ўжо 800 праглядаў гэтай сустрэчы, і не толькі з Польшчы. Былі каментары і з Англіі, Галандыі, Украіны. Думаю, што і з Беларусі хіба адгукнуцца  цягам часу. Я таксама даведалася, што маю вельмі шмат чытачоў у Польшчы, асабліва ў цэнтральнай Польшчы і на захадзе.

 РР: А  хто ваш чытач па ўзросце, па нацыянальнасці?

Ганна Кандрацюк: Гэтая кніга спачатку выйшла на беларускай мове, а цяпер яна выйшла ў перакладзе на польскую мову. Думаю, што перш за ўсё гэта людзі, якія любяць рэпартаж. На сёння рэпартаж у Польшчы – самы папулярны жанр у літаратуры,  вельмі пажаданы. Ёсць такі шанец  для мяне – знаёмства з месцамі, якія я апісала ў сваёй  кнізе «Па Прыпяці па Нобель», з маімі цудоўнымі героямі, які знаёмыя польскаму чытачу. Людзі, можа, па-іншаму паглядзяць на сваіх суседзяў, на знаёмых, якія прыехалі да іх у Польшчу з Украіны і Беларусі. І гэта пра тое, каб пашырыць не толькі інфармацыю, але і расказаць пра людзей, супольнасць у культуры.

 РР: У вашай кнізе «Па Прыпяці па Нобель» усё пачынаецца з  таго, што вы апынуліся ў месцы сутыкнення трох краін – Украіны, Беларусі і Польшчы. Па вашых уражаннях, вось гэтая мясцовасць Падляшша-Палессе мае нейкае адрозненне ў беларускай, польскай, украінскай частках? Ці яно ўсё ж такі  больш  прывязана да прыроды, чым да нацыянальнасці?

Ганна Кандрацюк: У прынцыпе, менталітэт такі ж самы. Людзі на беларускім і ўкраінскім Палессі і ў нас тут, на Падляшшы, гавораць на розных гаворках, такая характэрная для Палесся з’ява як моўная мазаіка. У нас таксама на Падляшшы тры суседнія вёскі могуць размаўляць на сваёй гаворцы і мець між сабой нават па гэтай прычыне канфлікты. Гэта ўсё характэрна і для цэлага Палесся. Людзі перш за ўсё  атаясамліваюць сябе з месцам свайго нараджэння, з сям’ёй, з найбліжэйшым наваколлем.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя