“Гарадоцкім навінам” – 25 гадоў!



Дваццаць пяць гадоў газета аб’ядноўвае жыхароў гміны Гарадок, што пад Беластокам. У мясцовым Гмінным цэнтры культуры ўрачыста адзначылі юбілей выдання „Гарадоцкя навіны”. Першы нумар выйшаў першага сакавіка 1995 года. У газеце пішуць пра самаўрадавыя справы, мясцовыя сацыяльныя праблемы ды гісторыю рэгіёна. Выданне  таксама ўзмацняе атаесамленне жыхароў з рэгёнам. Журналісты „Гарадоцкіх навінаў” часта з’яўляюцца аніматарамі значных культурных падзей.

Ініцыятарам стварэння гміннага часопіса ў Гарадку быў прафесар Лявон Тарасэвіч, узгадвае тагачасны войт гміны Гарадок Яўген Семенюк:

– Ідэя Лёніка, каб выдаваць “Гарадоцкія навіны” як газету двухмоўную, трапіла на спрыяльны грунт. Але заслуга тут перадусім управы і Лёніка.

Шматгадовы рэдактар “Гарадоцкіх навінаў” Юрка Хмялеўскі:

– Гэта арыгінальная газета, таму што яна адбудоўвала польска-беларускую тоеснасць. Беларускае аблічча гэтай зямлі засталося ў вялікай ступені, дзякуючы менавіта газеце.  

Рэдактарка “Гарадоцкіх навінаў” Дарота Сулжык:

– Не мастацтва стварыць самому газету, а мастацтва, каб людзі хацелі гэту газету рабіць. Працягваю работу сваіх папярэднікаў і хачу сказаць, што напраўда мы вельмі ганарымся, што 25 гадоў нам удалося гэту газету выдаваць, што яна мае многа чытачоў, што яе чытаюць. Бо каб не чыталі, не было б газеты.  

Падчас святкавання юбілею “ Гарадоцкіх навінаў” падвялі вынікі журналісцкага конкурсу. Перамаглі Вера Тарасэвіч і Юля Грэсь. Мерапрыемства завяршыў канцэрт харызматычнага беларускага музыкі Змітра Вайцюшкевіча.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя