Гарадскія пейзажы Вільні ў Беластоку



Госць нашай студыі — літаратар з Вільні Андрэй Антонаў.

РР: Пачнём нашу гутарку з выставы, якую вы прывезлі з Вільні ў Беласток. Вы, літаральна кажучы, па дарозе на працу завіталі ў нашу студыю. Гаворка пра выставу літоўскай аналагавай фатаграфіі. Што канкрэтна можна будзе ўбачыць на той выставе, якая заўтра адкрыецца ў Беластоку?

Андрэй Антонаў: Я сабраў і прывёз выставу Віленскіх гарадскіх пейзажаў, якія робяць мае калегі. І мае працы там будуць. Яна будзе мець як гістарычны аспект, бо будуць працы з 90-х гадоў, працы якім гадоў па 10-15, і сучаснае, што мы робім сёння. Гэта такое наша назіранне за развіццём горада, нашай старой сталіцы, у часе і прасторы.

РР: Чаму і каму яшчэ цікавая аналагавая фатаграфія, калі сёння кожны чалавек мае ў кішэні смартфон, планшэт і кроку не зробіць, каб не задакументаваць. Ён нават не глядзіць ужо сваімі вачыма, а проста паўсюль робіць вакол сябе здымкі.

Так. Кожны цяпер мае такое люстэрка з памяццю ў кішэні. Я лічу, што гэта вельмі станоўчы момант, бо агульны ўзровень фатаграфіі значна вырас. І прафесійныя стандарты вельмі выраслі за тыя часы, што я займаюся гэтай справай. Каму цікава? Па-першае, тым, хто хоча мець рэч, адбітак. Мець кантакт з жывой рэччу, зрабіць гэтую рэч сваімі рукамі. Плюс старыя матэрыялы маюць сваю спецыфіку. Сёння ж людзі займаюцца акварэльным жывапісам, алейным жывапісам, бо кожны медыум мае свае плюсы, мінусы, свае ньюансы. Калі ты працуеш з вялікімі фарматамі, а менавіта вялікафарматнай фатаграфіі, то няма ніякіх альтэрнатыў на сёння аналагавай фатаграфіі. Я не ведаю, ці цікава гэта гледачам, але тым людзям, якія гэта робяць гэта вельмі цікава.

РР: Гэта было заахвочванне прыйсці на выставу.

Выстава будзе экспанавана вельмі добра. Працы будуць без шкла, вы можаце блізка паглядзець як выглядаюць добрыя рэчы, зробленыя сапраўднымі майстрамі. Жывы кантакт.

РР: Скажам пару слоў пра месца, ў якім будзе экспанавацца выстава. Гэта трэці будынак Галерэі Слендзіньскіх у Беластоку, вул. Вікторыі, 5. Гэта тая частка старых Баяраў, якая яшчэ цудам ацалела. Ці гэтае месца неяк сугучнае з той Вільняй, якую Вы паказваеце на Вашых фатаграфіях?

Па-першае, фатаграфіі рыфмуюцца з гэтым месцам, бо так ці інакш, людзі, якія здымаюць Вільню, не пазбягаюць старога гораду. А Баяры найбольш рыфмуюцца з тым раёнам Вільні, са Сніпішкамі, дзе я жыву, дзе цудам захавалася драўляная частка, некалі беднае прадмесце. А Баяры мне падабаюцца і там добры клімат. Ясна, што сёння ў горад прыйшлі грошы і гэта будзе ўсё знікаць. Для мяне фотаздымак, гэта спроба разгледзець мінулае. Калі ты малюеш, ты вывучаеш аб’ект у дынаміцы. Калі ты фатаграфуеш, дык вывучаеш тое, што ты сфатаграфаваў калі момант назірання ўжо прайшоў. Ты вывучаеш тое, што ты бачыў.

Выстава літоўскай аналагавай фатаграфіі адкрыецца заўтра, 14 кастрычніка, ў 17:00 па вул. Вікторыі, 5 у Беластоку.

А 13 кастрычніка ў 18:00 Аб’яднанне «АБ-БА» запрашае на Дыскусійны клуб «Пагаворым пра магію Вільні» і сустрэчу з літаратарам Андрэем Антонавым, якая пройдзе ў Склепе з культурай па вул. Чэнстахоўска, 6а.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя