Гарадзеншчына актывізуе супрацу з Польшчай
Улады Гарадзеншчыны спрабуюць актывізаваць гандлёва-эканамічную і культурную супрацу з рэгіёнамі суседняй Польшчы. Апошнія два тыдні адзначыліся візітам гарадзенскай дэлегацыі ў Беласток і прыездам у Гародню з азнаямляльным візітам прадстаўнікоў дзелавых колаў і самакіравання Гданьска на чале з прэзідэнтам горада Паўлам Адамовічам.
Як зазначае Януш Паўлякоўскі з Беластоцкага цэнтра прамоцыі, інавацыі і развіцця, магчымасці рэгіянальнай супрацы ў перспектыве павінны даць добры эфект:
– Польскія і беларускія арганізацыі могуць супрацоўнічаць, генерыраваць рух унутры краіны, унутры нашага рэгіёна, спрабаваць яго рэкламаваць, а таксама займацца наладжваннем супольнай міжнароднай супрацы.
У бягучым годзе назіраецца істотны спад у гандлёва-эканамічных адносінах Гарадзеншчыны з рэгіёнамі Польшчы, у сувязі з чым першасная ўвага будзе надавацца павелічэнню ўзаемавыгадных продажаў, арганізацыі сумесных вытворчых пляцовак і абмену досведам паміж спецыялістамі ў розных галінах гаспадаркі.
Беларускае Радыё Рацыя