Гарадзеншчына пашырае транспамежную супрацу



У межах рэалізацыі транспамежных праектаў і праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі на працягу 2016 – 2020 гадоў Гарадзеншчына мае намер рэалізаваць больш за пяцьдзесят праектаў з літоўскімі, польскімі, латышскімі і ўкраінскімі партнёрамі.

001488_724199

(Фота belarus.by)

Транспамежнае супрацоўніцтва паступова становіцца для ўладаў Гарадзенскай вобласці добрай крыніцай дадатковых інвестыцый дзеля абнаўленне медыцынскага абсталявання, будаўніцтва аб’ектаў спартовай і турыстычнай інфраструктуры, а таксама аднаўлення культурнай спадчыны рэгіёна.

Як зазначае намеснік старшыні грамадскага аб’яднання „Рэспубліканскі турыстычна-спартыўны саюз” Сяргей Каляда, адным з галоўных накірункаў укладання грашовых сродкаў можа быць турыстычная галіна:

– Неаранае поле, вялізная сфера працы – напрамак турыстыкі. Павінны і абласныя гарады рухацца ў гэтым накірунку. Будзем будаваць сцежку здароўя – роварныя сцежкі, месцы адпачынку, такіх месцаў павінна быць больш. Турызм 21-га стагоддзя любіць камфорт – гэта трэба зразумець. Я магу цэлы дзень плаваць на байдарцы, увечары я хачу вярнуцца ў цывілізаваныя ўмовы.

ЕЗ толькі ў межах транспамежнага супрацоўніцтва „Польшча-Беларусь-Украіна 2016-2020” выдаткуе 180 мільёнаў еўра. Гарадзеншчына ў межах рэалізацыі гэтай праграмы мае намер шчыльна супрацоўнічаць з Падляшскім ваяводствам суседняй Польшчы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня