Гарадзенская мытня і ЕЗ падпісалі грантавы кантракт



Грантавы кантракт па праекце міжнароднай тэхнічнай дапамогі „Паляпшэнне аперацый кіравання мяжой у аўтадарожных пунктах пропуску „Брузгі” і „Бераставіца” падпісаны паміж Гарадзенскай рэгіянальнай мытняй і Міністэрствам інвестыцый і эканамічнага развіцця Рэспублікі Польшча ад імя Еўразвяза. Вядучым бенефіцыярам выступае мытня.

Праект будзе рэалізаваны сумесна з Падляшскім ваяводствам Польшчы ў рамках праграмы трансмежавага супрацоўніцтва „Польшча — Беларусь — Украіна” на 2014—2020 гады. Унёсак ЕЗ ў праект складзе прыблізна 1 млн еўра.

Як паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі, асноўны акцэнт пры ажыццяўленні работ у межах праекта будзе зроблены на поўнай мадэрнізацыі лакальных вылічальных сетак у аўтадарожных пунктах пропуску „Брузгі” і „Бераставіца”, уключаючы замену ўсяго сервернага абсталявання і аргтэхнікі. Гэта будзе садзейнічаць умацаванню бяспекі на беларуска-польскай мяжы, скарачэнню часу правядзення мытнага кантролю, паляпшэнню эфектыўнасці мытных працэдур, адзначылі ў ДМК.

27 чэрвеня ў Берасці міністр інфраструктуры Польшчы Анджэй Адамчык і міністр транспарту і камунікацый Беларусі Анатоль Сівак падпісалі міжурадавае пагадненне аб утрыманні памежных дарожна-маставых аб’ектаў на беларуска-польскай дзяржаўнай мяжы. У прыватнасці прадугледжваецца будаўніцтва новага моста на пераходзе „Дамачава-Славатычэ”.

„Гэта быццам бы тэхнічнае пагадненне, але яно дае нейкую перспектыву. Мы добра бачым, што тая памежная інфраструктура, якая ёсць, сапраўды ўжо адстала, не дасягае таго ўзроўню, які чакаюць грамадзяне Польшчы і Беларусі, бо хочуць спакойна перасякаць гэтую мяжу. Яна будзе мадэрнізавацца, у прыватнасці мост. І шмат гаворыцца пра неабходнасць таксама развіваць рознага роду шляхі зносін, каб было больш рэйсаў цягнікоў і самалётаў. Абодва бакі зацікаўленыя ў гэтым”, — заявіў пасол Польшчы Артур Міхальскі на сустрэчы з журналістамі 28 чэрвеня.

belapan.by

Фота grt.customs.gov.by