Гарадзенскія навукоўцы заклікаюць Польшчу не будаваць плот на мяжы



Навукоўцы з Гародні прынялі рэзалюцыю, у якой заклікаюць Польшчу адмовіцца ад будаўніцтва памежнай агароджы на тэрыторыі Белавежскай пушчы. «Будаўніцтва плота парушыць міграцыйныя плыні, парушыць памнажэнне гэтых жывёлаў. Таксама прывядзе да механічных пашкоджанняў, траўмаў, абядніць і без таго невялікі генафонд. Для раслінных супольнасцяў гэта прывядзе да парушэння суцэльнасці і гідралагічнага рэжыму», — сказаў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі Гарадзенскага дзяжраўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі тэлеканалу «Гродно Плюс».

Беларускія навукоўцы плануюць супольна з польскімі калегамі падрыхтаваць навуковае абгрунтаванне, чаму нельга будаваць агароджу ўздоўж мяжы. Яго хочуць накіраваць кіраўніцтву Польшчы і Літвы.

Будаваць плот на мяжы Польшча пачала ў жніўні 2021 года. Скончыць будаўніцтва плануюць у чэрвені 2022 года.

Фота: brestcity.com