Гарадзенскія пагранічнікі са стралянінай спынілі парушальнікаў



Гарадзенскія пагранічнікі прадухілілі дзве спробы парушэння дзяржаўнай мяжы. У адным з выпадкаў праваахоўнікі ўжылі зброю.

Раніцай 19 снежня ў Свіслацкім раёне дзяжурнаму па заставе „Рыбалы” паступіў сігнал спрацоўкі аднаго з участкаў сігналізацыйнага комплексу. На месца выехала трывожная група. Паграннарад, выявіўшы сляды на КСП, затрымаў дваіх грамадзян Расеі, якія накіроўваліся ў бок польскай тэрыторыі. У сувязі з невыкананнем законных патрабаванняў праваахоўнікаў, пры затрыманні пагранічнікі былі вымушаныя прымяніць зброю.

У затрыманых грамадзян Расеі 1985 і 1986 гг. нараджэння былі канфіскаваныя смартфоны з пракладзенымі маршрутамі ў Польшчу, компас, два паляўнічыя нажы, ліхтар, грошы і пашпарты. Са слоў „падарожнікаў”, яны накіроўваліся ў Францыю за лепшым жыццём, а парушэнне закона патлумачылі адсутнасцю шэнгенскіх візаў.

Другі інцыдэнт адбыўся 21 снежня ў Гарадзенскім раёне на ўчастку пагранзаставы „Брузгі”. Паводле аператыўнай інфармацыі пагранічнікі затрымалі 38-гадовага грамадзяніна Расеі, які адважыўся парушыць дзяржаўную мяжу ў пошуках лепшых умоў для жыцця ў краінах ЕС. У яго былі канфіскаваныя два смартфоны, абцугі, кусачкі, нож, газавая гарэлка і зменныя рэчы.

У дачыненні да затрыманых пачаты адміністрацыйны працэс за спробу незаконнага перасячэння мяжы і парушэнне памежнага рэжыму. Усім тром пагражае дэпартацыя з забаронай уезду ў Беларусь да 5 гадоў.

gpk.gov.by