Гарадзенцы далучыліся да Суветных дзён праваслаўнай моладзі



Супольна маліліся, гулялі і пазнавалі іншыя нацыянальныя культуры. Група маладых гарадзенцаў наведала Беласток з нагоды Суветных дзён праваслаўнай моладзі. Госці з Гародні паўдзельнічалі ў балі праваслаўнай моладзі і экскурсіі па Беласточчыне. Сусветныя дні праваслаўнай моладзі  завяршыліся супольнай малітвай у царкве ў Паўночным Астровіі і вечарынай, на якой свае культуры прадстаўлялі замежныя госці.

Паводле дыякана Дзмітрыя Паўлюкевіча, вельмі карысныя для моладзі сустрэчы, на якіх можна пазнаёміцца з іншымі культурамі.

– Для моладзі вельмі важна мець кантакты з людзьмі з розных краінаў. Гэта добры досвед. Заўсёды, калі ты сустракаешся з людзьмі з іншых краінаў, пазнаеш нешта новае. Ды папросту гэта добра і весела.

Апрача маладых людзей з Беларусі, у Беласток прыехалі таксама ўдзельнікі з Літвы, Латвіі і Расеі.

Сусветны дзень праваслаўнай моладзі быў усталяваны ў 1992 годзе на дзень аднаго з 12-ці вялікіх праваслаўных святаў – Стрэчання Гасподняга. Мерапрыемства на Падляшшы арганізавала Брацтва праваслаўнай моладзі Беластоцка-Гданьскай епархіі.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота nocowanie.pl