Гародня і Саколка разлічваюць на далейшую супрацу
Гародня і Саколка спадзяюцца на далейшае развіццё супрацоўніцтва паміж гарадамі. У рамках падрыхтоўкі праектаў праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Польшча-Беларусь-Украіна” на 2014-2020 гады, горад над Нёманам наведала дэлегацыя з польскай Саколкі на чале з бургамістрам Эвай Кулікоўскай.
Абодва бакі спадзяюцца на тое, што атрымаюць фінансаванне з еўрапейскіх сродкаў на рэалізацыю трох сумесных праектаў – кажа бургамістр:
– Была вялікая канкурэнцыя. Ведаю, што павялічыліся выдаткі на трансгранічныя праекты, таму спадзяюся, што мы атрымаем гэтыя сродкі і зможам ажыццявіць праекты “Сцяжынкай Тызенгаўза” і “Два возеры – адна культура”.
Праект “Сцяжынкай Тызенгаўза”, між іншым, прадугледжвае рэстаўрацыю будынкаў, звязаных з Антоніем Тызенгаўзам у абодвух гарадах. Таксама цікавым выглядае праект “Два возеры – адна культура”, у межах якога плануецца будаўніцтва роварнай дарожкі і адпаведнай інфраструктуры вакол Сакольскай лагуны ў Саколцы і на возеры Юбілейным у Гародні. Канчатковыя вынікі адбору праектаў, якія атрымаюць фінансаванне, стануць вядомыя восенню.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sokolka.pl.