Газета, якая вядзе беларусаў Беласточчыны ў беларускасць



Наш госць – старшыня Управы Беларускага Радыё Рацыя Яўген Вапа і адначасова галоўны рэдактар тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”.

Яўген Вапа

Яўген Вапа

РР: Сёлета гэтаму выданню спаўняецца 60 гадоў. Гэта шмат часу…

Яўген Вапа: Гэта шмат часу ў жыцці кожнага чалавека. А ў жыцці выдання, медыя – гэта ў некалькі разоў больш. Бо газеты, часопісы з такой гісторыяй ужо набіраюць сваю адпаведную вагу – вагу інтэлектуальную, вагу запісанага і бачанага, таго, чым жыла газета, калі ёй даводзілася выдавацца на фоне ўсіх тых падзеяў.

Тыднёвік беларусаў у Польшчы “Ніва” – гэта газета, якая выходзіць штотыдзень, якая даходзіць да чытача па-за межамі Беларусі. У яе гісторыі быў кароткі перыяд, калі яна не выдавалася, – гэта перыяд увядзення ваеннага становішча ў Польшчы.

РР: Гэта 3-4 месяцы.

Яўген Вапа: І той час быў дрэнным у жыцці рэдакцыі. Бо пасля гэтага перыяду многія часопісы ўжо не аднавіліся, для іх гэта быў вялікі перапынак. А “Ніва” – аднавілася, але некаторыя рэчы значна падрэзалі нармальнае функцыянаванне тыднёвіка на працяглы перыяд.

РР: Газета “Наша ніва” выходзіла няпоўныя 10 гадоў. І той час атрымаў у гісторыі беларускай культуры тэрмін “нашаніўская пара”. А калі параўноўваць з тыднёвікам “Ніва”, якому спаўняецца 60 гадоў, то можна казаць пра 2-3 альбо нават 4 “ніўскія пары”, звязаныя, напрыклад, з той жа зменай пакаленняў, якія рабілі гэтую газету, зменамі грамадска-палітычнага ладу краіны, ваенным становішчам і іншымі палітычнымі эпохамі.

Яўген Вапа: Калі глянуць на той час, той перыяд, то ўзгаданая “Наша ніва” мела максімальны тыраж 4 тысячы на ўсю Імперыю. Тыраж беластоцкай “Нівы” не быў горшым, а ў пэўныя моманты – нават вышэйшым. Догі перыяд тыраж тыднёвіка стабільна трымаўся каля 3 тысяч экзэмпляраў. Думаю, з перспектывы часу многім людзям гэта будзе лепш бачна.

Сёння, гледзячы на падляшскую рэальнасць і падляшскі рынак, асяроддзе, якое гуртавалася вакол “Нівы”, можна назваць інтэлектуальна партнёрскім да польскага журналісцкага асяроддзя. Тады ж была толькі беластоцкая газета-штодзёнка, якая пераважна перадрукоўвала дэпешы, а для шырэйшых журналісцкіх формаў не было ў ёй месца, чаго не скажаш пра “Ніву”. Таму менавіта з ёй быў звязаны не толькі беларускі інтэлектуальны патэнцыял, але і польскі.

РР: Досыць сказаць, што аддзел Саюзу польскіх пісьменнікаў у Беластоку ствараўся галоўным чынам сіламі беларускіх літаратараў, якія супрацоўнічалі альбо былі ўзгадаваныя “Нівай”.

Яўген Вапа: Менавіта.  Гартанне падшыўкі “Нівы” – гэта адзін з маіх улюбёных момантаў у працы і жыцці ўвогуле. Гэтае гартанне – учытванне ў гісторыю нашай Беласточчыны, лёсы нашых продкаў. І ў такія моманты задумваешся заўсёды над адным: які вялікі спектр тэмаў, якія пашыраныя журналісцкія формы і якая поўная свядомасць запісвання, узгадвання гістарычнай мінуўшчыны беларусаў у Польшчы і беларусаў увогуле. Гэта менавіта тая роля, пра якую ўсе мы гаворым: наша жыццё, наша быццё мусіць перадусім абапірацца на гістарычнай памяці. Гэта гістарычная памяць пра сваіх герояў, пра адметнасць беларушчыны Беласточчыны, а таксама пра ўсю беларускую культуру, літаратуру, гісторыю. І гэтая гістарычная памяць пастаянна ўсплывала на старонках “Нівы”. І веды, якія давала газета сваім чытачам, выкарыстоўваліся імі ў штодзённым жыцці. Так, напрыклад, кароткія сатырычныя вершы з “Нівы” былі вельмі папулярныя, іх часта можна было пачуць за сталом.

РР: «Ніва» была перш-наперш люстрам жыцця беларусаў Беласточчыны. Пачынаючы з найменшых мясцін ці закінутых хутароў па гарады, але таксама была, што вельмі важна, гэткім мостам паміж Беларуссю і беларускай эміграцыяй. Можна сказаць, адным з нешматлікіх мастоў, калі на адзіным.

Яўген Вапа: Тут я нагадаю пра той факт, што ў «Ніву» пісалі людзі з усяго свету: з Амерыкі, Аўстраліі, Заходняй Еўропы, дзе былі асяродкі беларускай эміграцыі, а таксама і людзі з тагачаснай Савецкай Беларусі. Як мне распавядаў галоўны рэдактар «Нівы» Георгій Валкавыцкі, дык тыя лісты, што пісаліся, і тая літаратура ў форме газет і кніжак, што прыходзілі ў рэдакцыю з Захаду, былі пад асаблівым прыцэлам тагачаснай службы бяспекі. І раз на нейкі час у рэдакцыі з′яўляліся гэткія «сумныя» спадары з пытаннем, што за кантакты ў спадара Валкавыцкага з Захадам і хто яму піша. Дарэчы, пад такім жа прыцэлам, савецкіх спецслужбаў былі тыя, хто кантактаваў, перапісваўся з «Нівай». І людзі «Нівы», якія выязджалі ў Беларусь, заўсёды былі пад поглядам беларускага савецкага КДБ. І працаваць у такіх умовах было вельмі няпроста.

Што да прасторы пашыранай магчымасці друкавання і пісання на розныя тэмы, калі ўзяць іншыя газеты таго перыяду, дык сапраўды ёсць што параўноўваць і чым пахваліцца. Я меў магчымасць гартаць такія заходнія выданні, як «Бацькаўшчына» ці «Беларус», дык з гледзішча жывога варштату і гісторыі мы дакладна не былі горшымі.

Вядома, перыяд Другой сусветнай вайны ў сувязі з тым, што пераважна былі яшчэ жывыя сведкі-аўтары, пры той забароне і цэнзуры, у нас быў асветлены толькі з гледзішча афіцыйнай гістарыяграфіі: Вялікай Айчыннай вайны і партызаншчыны, што савецкая партызаншчына — гэта паўсюднае дабро, якое было ў нас на Беласточыне.

12512450_968188886569346_6470926356604492921_n-833x400 Віталь Луба, Яўген Вапа, Міра Лукша, Алесь Бяляцкі, Адам Паўлоўскі.

РР: Даніна часу, даніна палітыцы. Тым не менш, праца ў «Ніве», праца вакол «Нівы» стварала асаблівы клімат. Нездарма павялося казаць пра «ніўскую сям′ю». А «ніўская сям′я» — гэта не толькі рэдакцыя, журналісты, але і шматлікія карэспандэнты і настаўнікі, якія працуюць з «Нівай», і тыя ж чытачы. І «ніўская сям′я» сустракаецца заўтра ў Беластоку, каб адзначыць гэты юбілей. На жаль, не будзе ўжо з намі Георгія Валкавыцкага — стваральніка, першага і шматгадовага галоўнага рэдактара, не будзе Сакрата Яновіча, не будзе шмат каго з карэспандэнтаў, а ўсё ж будуць і тыя людзі, якія стаялі ля вытокаў.

Яўген Вапа: Так склалася, што яшчэ ўчора я меў прыемнасць і гонар гаварыць са спадаром Віктарам Шведам, які якраз збіраецца на святкаванні, і мы ўзгадвалі, хто з ягонага пакалення таксама будзе на сустрэчы, хто зможа даехаць і хто не зможа даехаць. Вядома, гэтых людзей штораз менш, але тыя выпрабаванні і тыя справы, за якія трэба было змагацца людзям «Нівы», многа каго зрабілі адпорнымі на ўсялякія завіраванні, і заўтра мы ўсё ж сустрэнемся.

Цешыць тое, што заўтра мы сустрэнем частку тых людзей, якія працавалі ў «Ніве» ў 80-я гады, калі мы з табой прыходзілі ў «Ніву», якой было трыццаць гадоў, і пачыналі пісаць першыя журналісцкія зацемкі. Для мяне гэта і гонар, і выклік. І тое, што калі журналіст прыходзіць працаваць у «Ніву», дык пачуваецца вельмі добра.

Дарэчы, тут гаварылася пра сустрэчу людзей Усходу і Захаду. Мы жартаўліва паўтараем словы, што «Ніва», як царква: дзверы заўсёды для ўсіх адкрытыя. І ў гэтым ёсць зерне праўды, бо ўсе беларускія дарогі, калі нехта трапляе ў Беласток, заўсёды прывядуць у «Ніву». А з іншага боку –  «Ніва» вядзе ў беларускасць па розных дарогах тысячы беларусаў Беласточчыны.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным аўдыёфайле.

Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя